Армія ЗША набірае рускамоўнае «мірнае насельніцтва» для вучэнняў у Германіі

30.03.2017 / 17:24

Кампанія Optronic GmbH & Co. KG звычайна набірае часовы персанал для трэніровак амерыканскіх войск на нямецкіх палігонах. Раней гэта былі асобы, якія валодаюць арабскай, пуштунскай ці персідскай мовай.

Яны звычайна робяцца акцёрамі-масоўкай, якая дзейнічае так, як бы дзейнічала мірнае насельніцтва Бліжняга Усходу падчас аперацый амерыканскай арміі на іх тэрыторыі, сведчыць сайт кампаніі.

Вучэнні на палігоне Хоэнфельc у 2016 годзе. Жаўнеры трэніруюцца праводзіць эвакуацыю мірнага насельніцтва. Фота army.mil

«Гэта дазваляе нам забяспечыць вельмі рэалістычныя сцэнарыі і ідэальна падрыхтаваць амерыканскіх жаўнераў для дзеяння ў канфліктных рэгіёнах», — паведамляе фірма.

Аднак у канцы сакавіка кампанія размесціла інфармацыю пра пошук рускамоўных, польскамоўных і чэшскамоўных асоб для такіх жа мэтаў.

Будучаму «мірнаму насельніцтву» трэба будзе 2-4 тыдні жыць у жаўнерскіх казармах на палігоне Хоэнфельc у Баварыі, уставаць у 5 раніцы, снедаць у 6 раніцы, у 7 гадзін пачынаць працаваць. Удзельнікам забяспечваецца трохразовае харчаванне, забаронена піць і ўжываць наркотыкі.

На палігоне ствараюцца да 10 «вёсак», у кожнай з якой ад 10 да 30 дамоў, у якіх акцёры будуць граць сялян, гандляроў, мэраў і г.д. «Мірны жыхар» атрымае ад 88 да 120 еўра за дзень працы.


Аляксандр Гелагаеў