Ктулху загаворыць па-беларуску
30.03.2017 / 16:55
У інтэрнэт-кнігарні Выдавецтва «Янушкевіч» абвешчана папярэдняя замова на кнігу «Кліч Ктулху» Говарда Філіпса Лаўкрафта.
Збор твораў самага арыгінальнага майстра жахаў на беларускую мову пераклалі Уладзіслава Гурыновіч, Павел Донаў і Алесь Кудраўцаў. Вокладку зрабіла Кацярына Дубовік.
Кніга з'явіцца пры канцы красавіка, але ўжо зараз яе можна замовіць.
Говард Філіпс Лаўкрафт — амерыканскі пісьменнік, аўтар твораў у жанрах жахаў, містыкі і фэнтэзі, якія пасля яго смерці зрабіліся культавымі і істотна паўплывалі на сучасную літаратуру жахаў.
Творчасць Лаўкрафта настолькі ўнікальная, што даследчыкі выдзяляюць асобны паджанр — лаўкрафтаўскія жахі. Лаўкрафт стварыў міфы Ктулху, у якіх вусціш нязведанага суседнічае з фантасмагарычнымі апісаннямі выдуманых старажытных гарадоў, багоў і артэфактаў. У кнігу ўключаныя такія знакамітыя апавяданні аўтара, як «Кліч Ктулху» (які лёг у аснову «міфаў Ктулху»), «Пацукі ў сценах», «Стоены жах», «Ганчак», «Герберт Уэст, рэаніматар» і многія іншыя творы.