У Салігорскім раёне на 12-гадовага хлопчыка ўпалі футбольныя вароты. Дзіця загінула

09.03.2017 / 12:31

Салігорскім раённым аддзелам следчага камітэта праводзіцца праверка па факце смерці падлетка.

— Днём 8 сакавіка паступіла паведамленне ад дыспетчара хуткай медыцынскай дапамогі аб смяротным траўмаванні непаўналетняга жыхара Салігорскага раёна 2004 года нараджэння. Устаноўлена, што кампанія падлеткаў гуляла з мячом на стадыёне Чырвонаслабодскай школы.

Па словах відавочцаў, загінулы павіс на металічных футбольных варотах і пачаў іх разгойдваць. Вароты ўпалі, ад атрыманых траўмаў дзіця памерла. Іншыя хлопцы не пацярпелі, — паведаміла mlyn.by афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог.

У рамках праверкі прызначана судова-медыцынская экспертыза, апытаныя відавочцы.