Блогера Лапшына ў кайданках даставілі спецрэйсам з Мінска ў Баку
08.02.2017 / 08:29
Расійска-ізраільскага блогера Аляксандра Лапшына, чыю скаргу на рашэнне аб экстрадыцыі 7 лютага адхіліў Вярхоўны суд Беларусі, у аўторак бліжэй да вечара даставілі ў Баку.
Як паведамляюць азербайджанскія СМІ, Лапшына са сталіцы Беларусі даставілі спецрэйсам у бакінскі аэрапорт імя Гейдара Аліева.
Амаль адразу Лапшын быў адпраўлены ў ізалятар Службы дзяржбяспекі.
Блогер знаходзіўся ў чорным спісе азербайджанскага МЗС за наведванне Нагорнага Карабаха. За антыканстытуцыйныя заклікі і незаконны ўезд у Азербайджан Лапшыну ў Азербайджане пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
Аляксандра Лапшына затрымалі ў Мінску ў ноч на 15 снежня 2016 года па запыце Азербайджана. 17 студзеня намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук пастанавіў экстрадаваць блогера ў Азербайджан.
7 лютага Вярхоўны суд, у якім блогер абскардзіў дадзенае рашэнне, пакінуў яго ў сіле. За затрыманага заступіўся Ізраіль, адна з краін грамадзянства Лапшына.
Расія таксама выказалася супраць экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан.