«Тытанік» затануў не праз айсберг: даследчыкі выказалі новую версію крушэння
04.01.2017 / 18:04
Прычынай крушэння «Тытаніка» магло стаць не толькі сутыкненне з айсбергам, але яшчэ і пажар на борце. Такую версію высунуў брытанскі журналіст Шэнан Малоні, піша Уніан са спасылкай на The Independent.
wikimedia.org
Малоні больш за 30 гадоў даследуе прычыны крушэння «Тытаніка». У прыватнасці, ён вывучыў фатаграфіі, знятыя да таго, як карабель выйшаў з суднаверфі ў Белфасце.
Журналіст убачыў чорныя пазнакі ўздоўж правай часткі корпуса карабля — якраз там, дзе яго прабіў айсберг. Пасля эксперты пацвердзілі: сляды, імаверна, былі выкліканыя пажарам у сховішчы паліва.
«Мы разгледзелі менавіта тое месца, у якім затрымаўся айсберг, і, здаецца, гэтая частка корпуса ў гэтым месцы была вельмі ўразлівая, і гэта адбылося яшчэ да таго, як ён пакінуў верф у Белфасце», — кажа Малоні. Каманда з 12 чалавек спрабавала патушыць полымя, але яно было занадта вялікім, каб хутка ўзяць яго пад кантроль. Яно магло дасягнуць тэмпературы да 1000 градусаў па Цэльсіі, што зрабіла корпус «Тытаніка» ў гэтым месцы вельмі слабым. І калі ён стукнуўся аб лёд, адзначаюць эксперты, адразу ж парваўся.
Выданне таксама дадало, што кіраўніцтва лайнера забараніла казаць пра пажар пасажырам. «Гэта ідэальнае супадзенне незвычайных фактараў: агню, лёду і злачыннай халатнасці. Ніхто яшчэ не расследаваў гэтыя пазнакі. Гэта цалкам мяняе гісторыю», — кажа Малоні.
Як вядома, «Тытанік» затануў 15 красавіка 1912 года падчас свайго першага рэйса. Судна сутыкнулася з айсбергам у Атлантычным акіяне. Ахвярамі катастрофы сталі больш за 1500 чалавек. Паводле афіцыйнай версіі, да трагедыі прывяло тое, што «судна рухалася на вялікай хуткасці ў небяспечных абледзянелых водах, і каманда не змагла пазбегнуць сутыкнення з айсбергам».