У навагоднюю ноч нямецкая паліцыя жорстка «адпрацавала» арабскую моладзь у Кёльне
02.01.2017 / 17:38
Фота: Maja Hitij / Getty Images.
Паліцыя Кёльна ў святочную ноч правяла праверку дакументаў і высвятленне асобы 650 чалавек. Прычым паліцыя мэтава спыняла маладых мужчын паўночнаафрыканскага паходжання. 92 чалавекі былі ў выніку затрыманыя, паведамляе Нямецкая хваля.
Гэтыя захады былі ўжытыя, каб не паўтарыліся падзеі гадавой даўніны, калі ў навагоднюю ноч каля Кёльнскага сабора здарыліся беспарадкі.
Сёлетнія дзеянні паліцыі Кёльна выклікалі, аднак, крытыку Партыі Зялёных. Яе лідарка Сімонэ Петэр асудзіла метады працы паліцыянтаў. На думку Петэр, маштабная прысутнасць паліцыі хоць і паспрыяла значнаму скарачэнню колькасці правапарушэнняў, аднак недапушчальна, «каб амаль тысячу чалавек праверылі і затрымалі толькі на падставе іх рысаў твару».
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International таксама раскрытыкавала такія дзеянні праваахоўнікаў. На думку праваабаронцаў, гаворка ідзе пра «расавы прафайлінг», гэта значыць, ажыццяўленне кантролю па этнічных прыкметах.
Жорстка дзейнічала ў навагоднюю ноч і паліцыя Францыі. У розных гарадах рэспублікі было затрымана больш за паўтысячы чалавек. Варта нагадаць, што ў Францыі хуліганы маюць традыцыю на Новы год падпальваць аўтамабілі на вуліцах.
У цэлым у краінах Еўрасаюза навагодняя ноч прайшла спакойна.