У Мінску за незаконнае наведванне Карабаха затрыманы расійска-ізраільскі блогер
15.12.2016 / 10:43
У Мінску затрыманы расійска-ізраільскі блогер Аляксандр Лапшын (у яго таксама ёсць пашпарты Украіны і Канады). «Бляха! Мяне толькі што арыштавала міліцыя ў Мінску па запыце Азербайджана. Я ў Першамайскім РУУС Мінска», — напісаў Лапшын на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Лапшын не раз наведваў Нагорны Карабах, за што яшчэ ў 2011 годзе быў уключаны ў «чорны спіс» МЗС Азербайджана. Аднак у чэрвені мінулага года Лапшын заехаў у Азербайджан праз тэрыторыю Грузіі па ўкраінскім пашпарце. Прайсці памежны кантроль і апынуцца ў Баку Лапшыну ўдалося дзякуючы таму, што ва ўкраінскім пашпарце імя «Аляксандр» было запісана па-ўкраінску — «Олександр».
Між тым, па дадзеных інфармаваных крыніц Azeri.Today, Азербайджан сапраўды абвясціў Аляксандра Лапшына ў міжнародны вышук за парушэнне закона «Аб дзяржаўнай мяжы» і міграцыйнага кодэкса. На дадзены момант структуры Азербайджана і Беларусі вядуць перамовы аб перадачы Лапшына ў Баку і прыцягненні яго да адказнасці.