Ад неанацызму і змагання з «юда-хрысціянскай акупацыяй» да студыі Давыдзькі: спецматэрыял пра кіраўніка «Румола» Сяргея Лушча
10.12.2016 / 10:27
Нядаўна старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька запрасіў у эфір праграмы «Клуб рэдактараў» Сяргея Лушча — лідара прарасійскай арганізацыі «Румол» (ад «Русь молодая») — разам з ім Давыдзька абмяркоўваў лістападаўскі нумар «Нашай Нівы».
З’яўленне кіраўніка «Румола» ў эфіры цэнтральнага беларускага канала навяло «Нашу Ніву» на думку расказаць чытачам пра жыццёвы шлях Лушча, які яшчэ зусім нядаўна быў «валхвом» неанацысцкай паганскай секты «Схорон Еж Славен», а цяпер стаў госцем дзяржаўнага тэлебачання.
Найперш, хто такі Сяргей Лушч? Сябе ён пазіцыянуе як рускага, які жыве ў Беларусі, выступае за еднасць славян і ідэалы «рускага свету», яму 33 гады.
Ён — «намеснік старшыні кардынацыйнай рады кіраўнікоў грамадскіх аб'яднанняў расійскіх суайчыннікаў у Рэспубліцы Беларусь».
Падначаленая Лушчу арганізацыя «Румол» актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Фонду Гарчакова і «Рассупрацоўніцтва», актывісты ладзяць мерапрыемствы па раздачы георгіеўскіх стужак, розныя семінары-дыялогі «расійскіх суайчыннікаў» ды іншае.
Той жа ж прыезд чарнасоценскага прапагандыста Старыкава і іншых гастралёраў у Мінск і Магілёў арганізоўваў «Румол».
Словам, рух цалкам выконвае дэклараваную мэту пашырэння рускай культуры ў Беларусі і стварэння «безбар’ернай рускамоўнай прасторы».
Менавіта Лушч — асноўны ідэолаг і рухавік «Румола», ён яго і стварыў на пачатку 2000-х.
«Наша арганізацыя ўзнікла на базе Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Русь» у 2004 годзе і была яго моладзевым крылом. Паступова калектыў развіваўся і ставіў перад сабой новыя амбітныя мэты. У 2010 нашая арганізацыя была афіцыйна зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі Беларусі», — расказваў сам Лушч выданню «Саюз».
Як фарміраваліся славянафільскія погляды Сяргея Лушча?
Вось тут і пачынаецца самае цікавае.
Праз свае крыніцы «Наша Ніва» здабыла шакуючыя падрабязнасці ідэалагічнай эвалюцыі кіраўніка «Румола».
Гэтае фота зроблена ў 2007 годзе — у лесе пад Мінскам, выкінуўшы рукі ў нацысцкім вітанні, стаяць удзельнікі паганскай антысеміцкай секты «Схорон Еж Славен» — яны святкуюць вяселле пары сваіх паплечнікаў (на фота злева).
У якасці госцяў запрошаныя скінхеды і сябры беларускага аддзялення экстрэмісцкай арганізацыі «Нацыянал-сацыялістычнага адзінства» (Рус — НСО).
Сам Лушч на верхнім фота ў кадр не трапіў, але ён галоўны на гэтым свяце, гэта па ягоным закліку людзі «зігуюць» — ён «волхв», які праводзіць абрад.
Вось ён ніжэй на тым жа свяце, у сіняй вопратцы валхва, лёгка пазнаюцца «маладыя».
«Схорон Еж Славен»
Што там увогуле адбываецца? — спытаеце вы.
«Схорон Еж Славен» — гэта паганска-неанацысцка-антысеміцкая арганізацыя, якую стварыў і дагэтуль узначальвае «Народны гаспадар, жрэц усіх славян, вярхоўны волхв усея Русі Уладзімір Багуміл ІІ Галяк, Ярк Воўк Схорон Еж Словен Жрэцкага войска славянскага народа» (Уладзiмiр Галякоў).
Секта створаная ў Расіі, але мае свае аддзяленні ў «Бела Русі», «Мала Русі», «Чырвона Русі» і гэтак далей.
Ідэалогія грунтуецца на некалькіх «святых» кнігах, напісаных «Багумілам»: «Сонцаварот», «Трызна», «Сполах»; і нясе традыцыйныя для неанацысцкіх суполак на постсавецкай прасторы ідэі аб абранасці «славянскай нацыі» і шкодніках-жыдах.
«На славянскай зямлі толькі адзін народ — славяне, астатнія — намі не забітыя», — вытрымка з багумілаўскай «Размовы Духоўнага цара Усёй Русі з жыда-хазарскімі прыхвастнямі».
Удзельнікі секты пакланяюцца камяням, якія паліваюць півам ці квасам, а таксама ўтыкаюць у свае алтары халодную зброю, што сімвалізуе ахвярапрынашэнне.
Галоўны антаганіст — «Чарнабог», у самаробныя ідалы якога ўдзельнікі секты кідалі нажы падчас абрадаў.
Вось узор «капішча», перад ім стаіць Лушч (твар быў замазаны аўтарам фота). Фота больш свежае, з іншага мерапрыемства «Схорон Еж Словена» у 2009 годзе.
Удзельнікі рытуалаў называюць сябе «Славенамі» ад слоў «слава» і «вена»: маўляў, у іхніх венах цячэ кроў слаўных славян.
Гэтыя тлумачэнні, як і іншыя дэталі абрадаў і вопраткі, выдумляў «Багуміл Другі», які выводзіць сваю біяграфію ад нейкіх «наўгародскіх валхвоў XII стагоддзя».
«Багуміл ІІ» у цэнтры.
Сваёй мэтай цэнтральная рада «Схорон Еж Славена» называе ўз'яднанне «падзеленых славянскіх плямёнаў» і захоп улады, дакладней, «мірны пераход улады ад неславянскага кіравання ў нашыя законныя і прагныя да ўлады рукі. Улада дасць нам костку, мяса, тлушч і магчымасці».
Адэпты секты «Багуміла» таксама выступаюць супраць «дзясяткаў стагоддзяў юда-хрысціянскай акупацыі». На пытанне, як спалучалася ягонае «раднаверства» з хрысціянскімі догмамі, Лушч «Нашай Ніве» не адказаў.
Азнаёміцца з тэорыямі вешчуна «Багуміла» можна, паглядзеўшы гэтае відэа за 2011 год — ён выступае ў адной з беларускіх школ, дзе адміністрацыя па недаглядзе прадаставіла памяшканне пад сходку ягоных адэптаў.
«Вярхоўнага волхва» запрасіла беларуская філія арганізацыі.
У паказальнай прамове «волхв» расказвае пра ўладу «меншасці» (габрэяў) над «славянскай большасцю», не аднойчы ўскідае правую руку ў нацысцкім вітанні, гукаючы словы «Слава Русі — смерць нерусі! Слава роду — смерць уродам!» З залы ўсе ягоныя воклічы хорам паўтараюць.
Таксама як узор — «абрад» «парушэння царства Іўдзейскага».
А вось фота з мерапрыемства філіяла «Схорон Еж Словена» у «Чырвона Русі».
Дадаць штосьці цяжка, апроч таго, што знамёны падазрона нагадваюць лагатып «Румола» — падзелены на чатыры часткі ромб з кропачкамі; толькі што ў «Румола» гэты сімвал на чырвоным, а не чорным фоне.
Знамя «Румола». Сяргей Лушч з георгіеўскай стужкай на пінжаку праваруч.
Таксама нам удалося здабыць відэа на пацеху гледачам, дзе «Багуміл ІІ» і Сяргей Лушч разам у кадры: «волхв Вечаслаў» — такое імя ў псеўдапаганстве ўзяў сабе Лушч — трымае за руку свайго ідэйнага начальніка, патрэсваючы сякерай «Перуна».
«Багуміл» у гэты момант заклікае «адсякаць ад сябе інародных».
Гэтае відэа зроблена пад Мінскам у 2012 годзе, калі «Румол» ужо даўно дзейнічаў.
Дарэчы, каб рукапакласціся ў «валхва» «святога войска славянскага», трэба было персанальна з'ездзіць у Расію да «Багуміла» і прайсці навучанне — гэтак сам «волхв усіх славян» апісаў нам працэдуру.
Мы звярнуліся да Сяргея Лушча з просьбай адказаць на пытанні «НН» адносна ягонай дзейнасці ў «Румоле» і секце «Схорон еж славен», аднак ён адмовіўся, спаслаўшыся на занятасць.
Асабліва ўспрымаюцца пасля гэтага супольныя мерапрыемствы «Румола» і Праваслаўнай царквы.
Пра ідэалагічныя перакананні былых «прыхаджан» Лушча, а цяпер актывістаў «Румола», таксама варта сказаць пару словаў з улікам таго, што «Румол» — рухавік розных акцый памяці да ўгодкаў заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.
«88» — частка лічбавай абрэвіятуры неанацыстаў, лічба значыць падвоенае «H» у лацінскім алфавіце: «Хайль Гітлер».
Вось зусім нядаўняе фота — хто пазнае ў гэтым хлопцы, што абдымаецца з Лушчом і носіць стылізаваную майку «88», раздатчыка георгіеўскіх стужак у Мінску?
Вось яшчэ адзін з кіраўнікоў «Румола» на момант першых гадоў працы арганізацыі.
Вось яшчэ адзін паплечнік Лушча — «палітычны аналітык «Румола» Сяргей Смірноў разважае пра Гітлера ў каментарах да фота на сваёй старонцы «УКантакце»…
Дарэчы, сумнавядомы «бацюшка са свастыкай» таксама браў удзел у мерапрыемствах «Румола», адно з якіх разагналі фанаты футбольнага клуба «Партызан».
Як бачым, у арганізацыю па прасоўванні «рускага свету» сабраліся персанажы з няяснымі, часам экстрэмісцкімі ідэаламі і кумірамі.
Пры ўсіх намаганнях схаваць свае ранейшыя прыгоды, яны не ў стане сцерці ўсяго.
Дзіўна, што асобныя кіраўнікі дзяржаўных СМІ даюць трыбуну такім людзям.