ТОП-10 беларускамоўных мультфільмаў, якія трэба пабачыць кожнаму беларусу
Выхаванне любові і павагі да роднай мовы і культуры пачынаецца з маленства. І вялікую ролю ў гэтым цяпер адыгрываюць і медыя. Для дзяцей такімі медыя з'яўляюцца мультфільмы і жывая мова бацькоў. І нават калі ў сям'і вы размаўляеце па-руску, а пераход на мову даецца складана — пачынайце глядзець мультфільмы.
22.11.2016 / 20:13
У інтэрнэце іх назбіралася ўжо нямала. Калі паказваць іх хоць некалькі разоў на тыдзень малым беларусам і беларусачкам, то яны ўжо ніколі не забудуцца на існаванне беларускай мовы. А ніжэй для вас ужо складзены невялікі «стартавы пакет». Прыемнага прагляду, і не забудзьцеся падзяліцца гэтым артыкулам у сацсетках.
Беларускія прымаўкі. Абсалютна геніяльны анімацыйны твор як па форме, так і па змесце. Анімацыя выкананая ў стылі выцінанкі, а сюжэт пабудаваны на беларускіх прымаўках. Мульт цікавы дзецям і дарослым усіх узростаў. Аўтар ідэі, сцэнарыст і рэжысёр — Міхаіл Тумеля. «Беларусьфільм», 2008 год.
Піліпка. Гэта новая плынь беларускай анімацыі. Твор стаў лаўрэатам некалькіх прэмій і з'яўляецца ўзорам якаснага беларускамоўнага прадукту для маленькіх гледачоў. У аснове сюжэта — беларуская народная казка. Рэжысёр — Таццяна Кубліцкая.
Свінка Пэпа. Адзін з сусветнавядомых дзіцячых мультыплікацыйных фільмаў. Адмысловы беларускамоўны дубляж зрабіла студыя «Кінаконг». Больш за 20 серый размешчана на YouTube-канале студыі.
Дзед. Яшчэ адзін якасны анімацыйны фільм кінастудыі «Беларусьфільм». Сюжэт таксама пабудаваны па матывах беларускай народнай казкі. Сцэнарыст і рэжысёр — Аляксандар Ленкін.
Аблавушак. Польскі анімацыйны фільм, які агучаны тэлеканалам «Белсат», у ім распавядаецца пра прыгоды маленькага мядзведзіка Аблавушка. Рэжысёры — Януш Галевіч і Бернард Дэц. Усе серыі лепш шукаць уручную, бо на YouTube «Белсата» іх знайсці вельмі няпроста.
Аповесць мінулых гадоў. Мультыплікацыйны фільм кінастудыі «Беларусьфільм», які распавядае пра розныя аспекты гісторыі Беларусі. Фільм цікавы дзецям ад пяці гадоў і вышэй. Акрамя вышэйпададзенага фрагмента, у інтэрнэт на розных каналах выкладзена некалькі частак — тут, тут, тут і тут. Аўтар ідэі і кіраўнік праекта — Ігар Воўчак.
Рыцар Пятрусь герба «Тры яблыкі». Французкі анімацыйны фільм пра прыгоды рыцара. Беларускамоўны дубляж зроблены тэлеканалам «Белсат». Большасць серый, а таксама вельмі шмат іншых беларускамоўных мультоў, можна знайсці на гэтым YouTube-канале.
Пра рыцара, што нікога не баяўся. Олдскульны хорар-мульт ад «Беларусьфільма», сюжэт якога нечым нагадвае Дон Кіхота. Дзеці могуць спужацца, але ва ўсіх нас у дзяцінстве былі мультфільмы, якіх мы баяліся. Рэжысёр — А. Турава.
Як Несцерка скарб шукаў. Класічны беларускі мультфільм па матывах народнай казкі. Рэжысёр — Ігар Воўчак.
Калыханка ад Дзеда Барадзеда. Без яе — ніяк. Гэта неўміручая класіка цэлага пакалення, колькасць праглядаў якой на YouTube ужо каля 200 тысяч. Для маладзейшага пакалення ёсць і такая калыханка на словы Генадзя Бураўкіна.