У 18 з 33 жыхароў Баранавіцкага раёна, захварэлых пасля спажывання мяса дзіка, дыягнаставалі трыхінелёз
Дыягназ «трыхінелёз» устаноўлены 18 пацыентам інфекцыйнага аддзялення Баранавіцкай гарадской бальніцы, паведаміла галоўны санітарны доктар Брэсцкай вобласці Алена Ільяшава. Пра гэта піша БелаПАН.
17.11.2016 / 07:20
«Па астатніх выпадках даследаванні яшчэ праводзяцца, — сказала Ільяшава. — У бальніцы знаходзяцца 15 чалавек, з іх двое дзяцей. Стан гэтых пацыентаў здавальняючы, і найбліжэйшым часам яны будуць выпісаныя».
Ад 26 кастрычніка ў інфекцыйнае аддзяленне Баранавіцкай гарадской бальніцы з сімптомамі трыхінелёзу былі шпіталізаваныя 33 чалавекі, жыхары Баранавіч і Баранавіцкага раёна. Сярод іх шасцёра дзяцей ад 2 да 15 гадоў.
Эпідэміялагічнае расследаванне прычын узнікнення групавога захворвання ўстанавіла, што гэтыя людзі ў кастрычніку елі прыгатаваныя ў хатніх умовах сыравэнджаную каўбасу з мяса дзіка, а таксама катлеты і галубцы з гэтым мясам. Жывёліна была забітая ў верасні некалькімі жыхарамі Баранавіцкага раёна і разабраная без санітарна-ветэрынарнай экспертызы мяса.