Дырэктарам мінскай беларускамоўнай гімназіі прызначылі дырэктара рускамоўнай школы
10.11.2016 / 16:33
У пятніцу, 11 лістапада ў Фрунзенскім раённым судзе адбудзецца першае паседжанне па крымінальнай справе супраць былога дырэктара беларускамоўнай гімназіі №4 Юрыя Бандарэнкі.
Андрэй Гоцман. Скрыншот з tvr.by.
Тым часам напярэдадні ў гімназіі быў прадстаўлены новы дырэктар. Ім стаў 37-гадовы Андрэй Гоцман. Да гэтага ён працаваў дырэктарам у рускамоўнай школе №38, што знаходзіцца на вуліцы Бельскага.
Сам Андрэй Гоцман родам з Беразіна, там ён скончыў педагагічную гімназію. Вучыўся ў педуніверсітэце імя Максіма Танка на настаўніка геаграфіі і біялогіі.
У школе настаўнікам прапрацаваў, праўда, зусім мала — усяго два гады. Спачатку ён быў у школе №199 (чатыры месяцы), а пасля ў СШ №11. У 2003 годзе Андрэй Гоцман пераходзіць на працу ў апарат БРСМ. Ён становіцца першым сакратаром Маскоўскай раённай арганізацыі БРСМ.
У 2004—2007 Гоцман працаваў у Адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Затым у кар’еры чыноўніка адбываецца ўздым, яго забіраюць на працу ў Міністэрства адукацыі, дзе ён становіцца намеснікам начальніка ўпраўлення.
У 2011—2012 Андрэй Гоцман працаваў у Апараце Савета міністраў, выконваў функцыі галоўнага дарадцы ўпраўлення сацыяльна-культурнай сферы.
У 2012 чыноўніка пераводзяць усяго толькі дырэктарам СШ №38, а цяпер ён узначаліў беларускамоўную ўстанову адукацыі.
Гімназія №4 знаходзіцца ў мінскім мікрараёне Кунцаўшчына.