Як склаўся лёс стваральніка бел-чырвона-белага сцяга

27.10.2016 / 12:05

У святле нядаўняй дыскусіі пра бел-чырвона-белы сцяг на АНТ цікава прыгадаць яго стваральніка — Клаўдзія Дуж-Душэўскага, чыё 125-годдзе адзначалася сёлета.

З сям’і паўстанцаў і будаўнікоў

Клаўдзій нарадзіўся 27 сакавіка (па іншых дадзеных — 26 красавіка) 1891 года ў мястэчку Глыбокае Дзісненскага павета Віленскай губерні ў сям’і Сцяпана і Евы Дуж-Душэўскіх, якія лічылі сябе «беларусамі польскай культуры». Доўгачаканы і адзіны сын, пасля трох дачок. Менавіта гэтыя абставіны выратуюць яго ад удзелу ў Першай сусветнай вайне.

Па мацярынскай лініі Клаўдзій паходзіў з сям’і шляхцічаў Полацкага павета Урублеўскіх.

Яго прадзядуля загінуў у паўстанні 1831 года, дзядуля быў пакараны смерцю за ўдзел у паўстанні 1863 года, а маці свае першыя гады правяла ў віленскай Антокальскай турме.

Бацька ж быў селянінам і валодаў 6 дзесяцінамі зямлі, але асноўнай крыніцай заробку для Сцяпана Душэўскага, як і для яго брата, было будаўніцтва. Клаўдзій з дзяцінства дапамагаў ім, а з пачаткам атрымання адукацыі займаўся чарчэннем і нават складаў каштарысы дамоў, касцёла, будаўніцтва шашы і масткоў. У старэйшых класах ужо сам кіраваў невялікімі будаўнічымі працамі, пад пільным вокам бацькі складаў іх праекты.

Бацькі марылі даць сыну выдатную адукацыю.

Таму ў 1899 годзе Клаўдзій разам з маці пераязджае ў Вільню. Ужо ў малодшых класах гімназіі ён быў уцягнуты ў польскія канспіратыўныя гурткі.

«Хто мае гісторыю багацейшую, чым беларусы?»

Але ў 1910 годзе ў жыцці Душэўскага здарылася лёсавызначальная сустрэча.

Вандруючы па Віленскіх вулках, ён завітаў у адну са шматлікіх кнігарань, якую раней не прыкмячаў. Надзіва, паліцы крамы былі запоўнены кніжкамі на беларускай гаворцы. Перабіраючы іх, Клаўдзій заўважыў аднаму з наведнікаў, што беларусы маюць бедную гісторыю. «Раптам скуль узяўся чалавек лысы, няголены, з круглым чалом і, ідучы яшчэ, паднятым голасам стаў гаварыць: «Як, мы не маем гісторыі? Скажыце, калі ласка, хто мае багацейшую гісторыю, чым мы, беларусы?» Зразу ён мне насыпаў так шмат, што перавярнуў усю маю гістарычную веду… Гэта быў Ластоўскі».

Ластоўскі тады толькі выдаў сваю першую кнігу «беларуса для беларусаў», — «Кароткую гісторыю Беларусі. З 40 рысункамі».

Душэўскі знаёміцца і з Ігнатоўскім ды выдаўцамі «Нашай Нівы» — братамі Луцкевічамі: «Я хутка зразумеў, што я не паляк, і адразу далучыўся да руху беларускага абуджэння».

Клаўдзій працягваў наведваць польскія гурткі, дзе яго ўжо лічылі беларусам, і імкнуўся ў гэтым асяродку праводзіць прапаганду беларускай справы.

Па заканчэнні гімназіі ў 1912 годзе ён паступіў у Пецярбургскі горны інстытут, дзе ў вольны ад вучобы час прысвяціў сябе беларускаму нацыянальнаму руху і на працягу 7 гадоў быў адным з яго кіраўнікоў у сталіцы імперыі. Студэнтам ён шмат дзе працаваў: і на заводзе (у Жыгулёўску на Волзе на цэментным заводзе), і ў шахце. Патрапіў нават у Сібір, дзе ўдзельнічаў у гідрагеалагічных працах, спачатку як майстар, пазней ужо як і гідратэхнік. У гэты час ён знаёміцца з выпускніком агранамічнай школы Эдмундам Русецкім, Эпімах-Шыпілам, Вацлавам Іваноўскім і Янкам Купалам. Нават бярэ ўдзел у студэнцкай пастаноўцы п’есы «Паўлінка», дзе выдатна выканаў ролю Сцяпана Крыніцкага. Да таго ж у 1913 годзе ён удзельнічаў у таемнай канферэнцыі літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў, на якой разам з Б.Тарашкевічам прадстаўляў беларусаў. Адначасова з гэтым выпускаў на беларускай мове часопіс «Раніца» і дапамагаў ствараць беларускія газеты «Светач» і «Дзянніца».

Сцяг Волі

У час Першай сусветнай Душэўскі быў супрацоўнікам Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу. Менавіта на будынку гэтай установы пасля Лютаўскай рэвалюцыі залунаў распрацаваны ім эскіз бел-чырвона-белага сцяга.

У датаваных 31.8.1934 года успамінах Клаўдзій запісаў: «Цікава адзначыць, што беларусы лічылі сваім дзяржаўным сцягам такой жа сцяг, як і літоўцы, г. зн. белы вершнік на чырвоным фоне, але нацыянальнага сцяга тады яшчэ не было, і мне давялося зрабіць некалькі праектаў нацыянальнага сцяга, адзін з якіх быў прыняты, а менавіта белая, чырвоная і белая палосы. З гэтага часу гэты сцяг і з’яўляецца беларускім нацыянальным сцягам».

12 сакавіка сцяг ужо стаў адным з галоўных элементаў падчас «нацыянальнага Дня беларускага значка» ў Мінску. Бел-чырвона-белыя стужкі мелі многія вайскоўцы-беларусы. У снежні 1917 года ў Мінску сцяг выкарыстоўваўся падчас Усебеларускага з’езду, у студзені на Беларускай канферэнцыі ў Вільні, а 19 лютага 1918 года, у дзень уцёкаў бальшавікоў, ён залунаў на будынку былога губернатарскага палаца. Яго знялі кайзераўскія вайскоўцы. Аднак сцяг, як сімвал волі, устойліва замацаваўся ва ўяўленнях дзеячаў беларускага нацыянальнага руху.

У сакавіку 1917 года Душэўскі паступіў на службу ў Міністэрства харчовай прамысловасці, дзе пасля двух месяцаў працы яго прызначылі начальнікам аддзела. Адначасова ён актыўны ўдзельнік беларускага руху: 25 сакавіка ўдзельнічае ў з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску, шматлікіх канферэнцыях, пасяджэннях Савета рабочых дэпутатаў Пецярбурга, Маскоўскай дзяржаўнай нарадзе, камісіі па выпрацоўцы правілаў аб выбарах ва Устаноўчы сход. У верасені прадстаўляў беларускія арганізацыі на Усерасійскай дэмакратычнай нарадзе (разам з З. Жылуновічам, Я. Варонкам, У. Фальскім).

На службе БНР

У 1918 годзе Душэўскі ўладкаваўся ў Беларускі нацыянальны камісарыят, дзе некалькі месяцаў працаваў на пасадзе загадчыка аддзела ўцекачоў.

Летам ён прыязджаў з Пецярбурга ў Вільню на канікулы да сваёй маці, дзе сустракаўся з Ластоўскім. Ластоўскі прапаноўвае з’ездзіць у Берлін да члена германскага ўрада па пытанні намераў немцаў адносна Вільні. Па прыбыцці ў Берлін яны былі прынятыя міністрам, кіраўніком камісіі па заключэнні перамір'я Эрцбергерам, «які, выслухаўшы нас, абяцанняў ніякіх не даў і, прабыўшы ў Берліне каля двух дзён, вярталіся ў Вільню, адкуль я ад’ехаў у Пецярбург».

У пачатку 1919 года Душэўскі скончыў горны інстытут і па запрашэнні свайго сябра, будучага намесніка наркама земляробства БССР Э. Русецкага, пераехаў у Мінск,

дзе быў прызначаны на пасаду губернскага геолага, на якой ён паспеў папрацаваць паўтара месяцы. У сакавіку-красавіку 1919 года ён быў накіраваны ў службовую камандзіроўку ў Вільню і адначасова меў намер перавезці адтуль сям’ю ў Мінск. Але з пачаткам вайны польская армія акупавала горад, і Клаўдзій аказаўся адрэзаным ад Мінска.

Пасля акупацыі Вільні палякамі Клаўдзій разгарнуў актыўную грамадскую працу, быў кіраўніком некалькіх арганізацый.

У мэтах выдання падручнікаў на беларускай мове для беларускіх школ у Вільні ён намагаўся арганізаваць выдавецтва пад назваю «Таварыства Веда», аднак ва ўмовах адсутнасці сродкаў гэтае намаганне было згорнута.

Падчас знаходжання ў Вільні Душэўскі быў запрошаны на «Усеагульны сход беларусаў горада Вільні», які адбыўся 25 мая 1919 года ў памяшканні Першай беларускай гімназіі. На сходзе Клаўдзій адзначыў, што «Беларусь фактычна падзелена на 6 частак: частка Магілёўшчыны і Мінскай вобласці далучана да Украіны, частка Гродзенскай, Мінскай і Віленскай абласцей — да Польшчы, частка Віленшчыны і Гродзеншчыны — да Літвы, Смаленская вобласць і частка Віцебшчыны — да заходняй камуны, другая частка Віцебшчыны — да Паўночнай камуны, частка Мінскай вобласці — да нейкай Беларускай рэспублікі. Кожная з падзеленных частак Беларусі лічыцца як ускраіна і абдзіраецца іншымі дзяржавамі. Кожны з акупантаў лічыць сябе «начальнікам» і жадае, каб усе яго слухаліся, а не тое пасадзіць непаслухмяных туды, куды яму трэба, а ім не трэба». Таксама ён выступіў з крытыкай бальшавікоў за рабаванне Мінска: «З Мінска бальшавікі вывозяць усё: грошы, маёмасць, машыны, харчаванне, у Мінску ўсе галодныя, у дварах няма чым засяваць палі, будзе голад». Таксама на сходзе абмяркоўвалася пытанне аб стварэнні Беларускага нацыянальнага камітэту, на якім ён быў абраны старшынёю арганізацыі.

Непадкупны дыпламат

Душэўскаму было даручана дабіцца прыёму ў Пілсудскага, каб выкласці яму праграму БНК і дабіцца вызвалення шэрагу грамадзян Віленшчыны і Гродзеншчыны, арыштаваных польскімі ўладамі за іх нацыянальную дзейнасць (больш за 200 асобаў).

Напярэдадні ад’езду Душэўскі паспеў у Вільні сустрэцца з намеснікам польскага ўрада Асмалоўскім, які «прапанаваў» грошы для беларускай справы: «Ад атрымання прапанаванай мне буйнай сумы адмовіўся, заявіўшы пры гэтым, што калі ён — Асмалоўскі — знайдзе патрэбным, то няхай перадасць грашовыя сродкі дзіцячым установам, беларускім школам, якія адчуваюць патрэбу ў грошах». Дадзеная рэкамендацыя так і не была ажыццёўлена.

Клаўдзій выехаў у Варшаву і быў прыняты Пілсудскім у яго рэзідэнцыі «Бельведэр». Пасля вяртання Душэўскі быў прадстаўлены кіраўніку місіі ЗША ў Польшчы Генры Маргентау, на прыёме ў якога Клаўдзій выклаў просьбу аб непасрэднай перадачы беларускім дабрачынным арганізацыям сродкаў, якія ЗША накіроўвалі праз польскія ўстановы, бо прадстаўнікі БНК лічылі, што не ўсе гэтыя грошы даходзяць да Беларусі. Таксама Маргентау быў перададзены дакумент, адрасаваны прэзідэнту ЗША Вільсану, у якім БНК прасіў аб падтрымцы беларускага народа ў правядзенні плебісцыту ў Беларусі і ўсталяванні Беларускай народнай рэспублікі.

У той жа час Душэўскі паспеў сустрэцца і з прадстаўніком БССР Русецкім, інфармаваў яго пра дзейнасць БНК. Русецкі перадаваў гэтыя дадзеныя непасрэдна Чарвякову — аднаму з лідараў БССР.

Восенню 1919 года Душэўскі зноў у Варшаве, сустракаецца з Луцкевічам, які ўпаўнаважыў яго ад імя БНР узяць удзел у канфедэрацыі прыбалтыйскіх краін у горадзе Тарту (Эстонія), куды ён патрапіў ужо пасля яе закрыцця. Нягледзячы на гэта, Клаўдзій змог сустрэцца з прадстаўнікамі Фінляндыі і Эстоніі, з якімі дамовіўся аб прызнанні БНР (прадстаўнік Літвы адмовіўся).

У Тарту ён пазнаёміўся з Канстанцінам Езавітавым як з кіраўніком Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. Пасля канферэнцыі яны ў адным з рэстаранаў сустрэліся з Булак-Булаховічам — і Душэўскага запрасілі на службу у БНР.

Пасля ад’езду з Тарту Душэўскі правёў некалькі дзён у Рызе ў гасцях у Езавітава. Разам яны чакалі адказу ад англійскай місіі па пытанні атрымання зброі для беларускага войска.

Дуж-Душэўскі і Езавітаў.

«Непажаданы элемент»

Па вяртанні ў Вільню Душэўскі выкладаў у беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах, займаўся выдавецкай дзейнасцю. Але пасля захопу Вільні савецкімі войскамі (14 ліпеня 1920 г.) на кароткі час выпраўляецца ў Мінск і вяртае грошы, прызначаныя на закуп лабараторнага абсталявання. Грошы былі выдадзеныя Клаўдзію яшчэ ў красавіку 1919. Ён дамовіўся аб пераводзе на працу ў Вільню. Стаў сябрам Рэвалюцыйнага камітэта, у якім працаваў загадчыкам Галоўнага ўпраўлення паліва.

Пасля гэтага ён зноў вярнуўся ў Вільню, якую праз тры месяцы (у кастрычніку 1920 г.) вымушаны быў пакінуць разам з адступаючымі літоўскімі войскамі і пасяліўся ў Коўне.

З Коўна Душэўскі ў складзе групы беларускіх дзеячаў, разам з Ластоўскім і Тарашкевічам, выязджаў у Прагу, дзе ўдзельнічаў у канферэнцыі, на якой абмяркоўвалася пытанне аб акупацыі палякамі Вільні і закрыццё імі беларускіх школ, у сувязі з чым быў вынесены пратэст.

20 кастрычніка 1920 года Душэўскі браў удзел у Беларускай нацыянальна-палітычнай канферэнцыі ў Рызе, якая праводзілася пад кіраўніцтвам Рады БНР. Ён выступіў з дакладам, у якім крытыкаваў савецка-польскія перамовы, накіраванавыя супраць інтарэсаў Беларусі.

Пасля вяртання ў Вільню Клаўдзій быў арыштаваны польскімі ўладамі і на працягу некалькіх тыдняў знаходзіўся ў Лукішскай турме. У лютым 1921 года ён высланы ў Коўна разам з 33 іншымі беларусамі і літоўцамі як «непажаданы элемент».

Уладкоўваецца на працу ў Міністэрства замежных спраў Літвы ў якасці навуковага супрацоўніка па складанні беларускіх падручнікаў, якія дзякуючы яму актыўна выходзяць. У асноўным гэта былі найлепшыя, перакладзеныя з рускай мовы, выданні часоў Расійскай Імперыі. Да таго ж Душэўскі рэдагаваў штомесячнік «Беларускі сцяг» і з’яўляўся адным з кіраўнікоў Беларускага цэнтра ў Літве і Літоўска-Беларускага таварыства. Разам з Ластоўскім выдаваў часопіс «Крывіч», чытаў радыёдаклады.

Архітэктар Каўнаса

У 1924—1927 гадах Душэўскі навучаўся ў Каўнаскім універсітэце на тэхнічным факультэце па спецыяльнасці «інжынер-будаўнік», пасля чаго некалькі гадоў працаваў у Міністэрстве сувязі Літвы. Дзяржаўная пасада не перашкаджала яму дапамагаць камуністу Піусу Главацкісу, які адбываў у турме 12,5-гадовы тэрмін.

У 1930 годзе Клаўдзій быў запрошаны ў акцыянернае таварыства «Майстас» на пасаду тэхнічнага дырэктара. Ён кіраваў будаўніцтвам перапрацоўчых фабрык у Панявежысе, Каўнасе, Клайпедзе, спраектаваў і пабудаваў пры Каўнасе свінакомплекс на 1000 галоў, спраектаваў разам з фірмай «Франц Крул» новую беконную фабрыку ў Таўрагах і Шаўляі. І ўсё гэта — цягам аднаго года. У выніку ператамлення моцна захварэў і быў вымушаны звольніцца.

З 1931 года зноў на дзяржаўнай службе, працуе інжынерам у Міністэрстве шляхоў. У гэты ж час ён ініцыюе стварэнне Літоўска-Беларускага таварыства. Аднаўляе ў 1933 годзе Беларускі цэнтр, кіраўніком якога быў да 1939 года. Рэдагуе часопіс «Беларускі асяродак». Аказвае матэрыяльную дапамогу Беларускаму музею імя Івана Луцкевіча, дасылаючы ў Вільню частку свайго заробку.

У 1933—1934 беларуская супольнасць Балтыкі стала сведкаю канфлікту Дуж-Душэўскага з Сымонам Якавюком, які ўзначальваў Беларускае культурна-асветніцкае таварыства. Душэўскі вінаваціў Якавюка ў сабатажы беларускай справы ў Літве і выкленчванні грошаў на ўласныя патрэбы пад маркаю «нацыянальнай дзейнасці». У выніку Душэўскі быў прыгавораны да 14 дзён хатняга арышту і штрафу ў 50 літаў.

Якавюк жа, які з 1918 года супрацоўнічаў з савецкімі спецслужбамі, прыхаваў крыўду.

Ратаваў габрэяў

І пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Балтыку Душэўскі 9 чэрвеня 1940 года быў арыштаваны. На падставе паказанняў Якавюка, за «активную националистическую контрреволюционную деятельность, непосредственно направленную против СССР» і супрацоўніцтва з польскай разведкай. Але Душэўскі прызнаў свой удзел толькі ў беларускім нацыянальным руху, адмаўляў супрацоўніцтва з польскай разведкаю і антысавецкую дзейнасць. Не пацвердзілі гэта і названыя Якавюком у якасці сведкаў асобы.

1940-ы год, з матэрыялаў справы.

Следства скончылася ў чэрвені 1941 года. Было складзена абвінавачвальнае заключэнне, але ў сувязі з пачаткам вайны Душэўскі не быў асуджаны і эвакуяваны ўглыб СССР. Пры немцах ён працаваў на заводзе гумавых вырабаў «Інкарас» на пасадзе інжынера.

У канцы 1941 у Вільні Душэўскі сустракаўся з прафесарам Вацлавам Іваноўскім, які прапанаваў яму пасаду намесніка бурмістра Мінска. Душэўскі не пагадзіўся.

І восенню 1942 зноў адмовіўся ад прапановы.

У жніўні 1943 года Душэўскі разам з жонкай быў арыштаваны немцамі за ўкрыццё габрэяў і адпраўлены ў канцэнтрацыйны лагер Правянішкесе.

Толькі дзякуючы заступніцтву сяброў і як спецыяліст-інжынер, ён быў вызвалены праз 4 месяцы, пасля чаго працаваў у тарфяным трэсце на пасадзе інжынера-будаўніка. Акрамя ўласных дзяцей, разам з жонкаю выхоўваў двух дзяцей-сірот.

Са студзеня 1945 года перайшоў на працу ў Ковенскі ўніверсітэт на будаўнічы факультэт, дзе атрымаў пасаду загадчыка кафедры гісторыі архітэктуры. Але 30 лістапада 1946 года на падставе матэрыялаў даваеннай справы быў зноў арыштаваны.

8 мая 1947 «За недастатковасцю сабраных доказаў для перадачы ў суд» яго справа была спынена, а ён сам 15 мая быў вызвалены з-пад варты.

Гэтаму садзейнічала заступніцтва прафесараў Жамайціса і Іонімаса, якія ахарактарызавалі Душэўскага як «советского человека». Да трэцяга арышту працаваў галоўным інжынерам праектаў Інстытута праектавання пры Савеце Міністраў ЛітССР.

3 сакавіка 1952 года ён чарговы раз трапляе за краты па абвінавачванні ў нацыяналізме і антысавецкай дзейнасці.

14 мая 61-гадовы Душэўскі, які з’яўляўся «активным белорусским националистом» быў асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў выпраўленча-працоўных лагерах, з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем правоў тэрмінам на 5 гадоў. Але праз два гады, 7 лістапада 1954, тэрмін зняволення Душэўскага быў скарочаны да 10 гадоў, а 16 красавіка 1955 года ён быў датэрмінова вызвалены ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя.

1952-і год.

На волі Душэўскі пражыў пяць гадоў. Ён памёр 25 лютага 1959 года ў Коўне, дзе і пахаваны на Петрашунскіх могілках.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі — аўтар бел-чырвона-белага сцяга, рамантык беларуска-літоўскага збліжэння, адзін з тых сотняў руплівых працаўнікоў на ніве беларускай справы, якія зніклі ў завірусе бяспамяцтва, што апанавала свядомасць нашага народа. Многія з іх усё жыццё змагаліся, пакутавалі і разлічваліся за імкненне змяніць злы лёс Бацькаўшчыны, шчыра верылі, што прыйдзе час, калі быць беларусам стане сапраўдным гонарам для ўсіх беларусаў.

Васіль Герасімчык