Сталі вядомыя дэталі ліквідацыі Матаролы

17.10.2016 / 07:11

Выбуховую прыладу замацавалі на тросе ліфта.

Баевіка дзень і ноч ахоўвалі ўзброеныя людзі. Таму разам з Арсенем Паўлавым загінуў яго ахоўнік, паведамляюць мясцовыя СМІ.

Па сведчаннях відавочцаў, выбух у пятым пад'ездзе дома №121 на вуліцы Чалюскінцаў у Данецку быў даволі моцны. 

«Мне вынесла дзверы ў пярэгарадцы і разнесла камору», — расказала СМІ адна з жыхарак дзевяціпавярховага дома.

Нагадаем, што вядомы сваёй жорсткасцю камандзір расійскіх баевікоў Арсень Паўлаў, вядомы пад пазыўным Матарола, быў забіты ў Данецку ў нядзелю 16 кастрычніка. Пра гэта паведаміла міністэрства абароны самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. Як паведамляецца, Матарола загінуў пры выбуху ў ліфце. Там спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаванне.

У міністэрстве ў замаху падазраюць украінскую дыверсійную групу.

33-гадовы Матарола стаў вядомым у 2014 годзе. Гэты расійскі марскі пехацінец удзельнічаў у захопе Крыма, няўдалай спробе захопу Харкава. Пасля трапіў у Славянск, узначаліў адзін са штурмавых атрадаў, што дзейнічалі на Данбасе. Ён браў удзел ва ўсіх галоўных баях 2014 і 2015 гадоў.

Паўлаў нарадзіўся ў расійскай аўтаноміі Комі, у 15 гадоў застаўся сіратой. Служыў у арміі, ваяваў у Чачні.

Матарола меў злую славу: існуе запіс, на якім ён хваліцца, што забіў 15 палонных украінскіх вайскоўцаў.

СГ