Рэпер Сярога затрыманы за паведамленне аб мініраванні самалёта Масква—Мінск

06.10.2016 / 12:20

Рэп-выканаўца Сярога паведаміў пра мініраванне самалёта рэйса Масква—Мінск, бо спазніўся на пасадку. Пра гэта паведаміла расійскім СМІ крыніца ў праваахоўных органах расійскай сталіцы.

«Затрыманым аказаўся грамадзянін Беларусі Сяргей Пархоменка, які пасля дастаўлення ў паліцыю адмовіўся ад сказаных ім слоў, абвінаваціўшы ў падмане супрацоўнікаў авіякампаніі», — сказаў праваахоўнік.

У чацвер раніцай супрацоўнікі адной з авіякампаній паведамілі ў паліцыю пра тое, што грамадзянін, які спазніўся на рэйс Масква — Мінск, паведаміў ім, што на борце самалёта знаходзіцца выбуховае прыстасаванне. На момант паведамлення самалёт ужо знаходзіўся ў паветры. Пасажыр быў затрыманы і дастаўлены ў аддзяленне транспартнай паліцыі. Па прылёце ў Мінск самалёт і багаж пасажыраў будуць агледжаныя.

Гамяльчук Сяргей Пархоменка, вядомы як рэпер Сярога, праславіўся ў пачатку 2000-х гадоў дзякуючы хіту «Чорны бумер». 

Як паведаміла пазней агенцтва БелТА, пасля прылёту ў Мінск спецыялісты завяршылі надгляд пасажыраў і багажу — выбуховага прыстасавання на борце лайнера не аказалася. Інцыдэнт не паўплываў на штатную працу Нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Прадзюсар Сярогі паведаміў, што спевака адпусцілі. Прадзюсар сцвярджае, што Сярога заяў аб мініраванні не рабіў.

nn.by