Урад Беларусі ініцыюе перагляд ставак увазных мытных пошлін у ЕАЭС
27.09.2016 / 15:11
Урад Беларусі ініцыюе перагляд ставак увазных мытных пошлін у ЕАЭС і хоча пачуць меркаванне бізнесу па гэтым пытанні, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С.Куняўскага (БСПН).
Рашэнне звярнуцца ў Еўразійскую эканамічную камісію з прапановай перагледзець стаўкі Адзінага мытнага тарыфу ЕАЭС прынятае 20 верасня на пасяджэнні міжведамаснага савета па знешнегандлёвай палітыцы, які дзейнічае пры Саўміне. Бізнес-саюзам краіны даручана вывучыць думку айчынных прадпрыемстваў адносна дзейнага ўзроўню мытных пошлін і ўнесці свае прапановы, паведаміў член савета, сустаршыня праўлення БСПН Дзмітрый Дзічкоўскі. Паводле яго слоў, вынясенне гэтага пытання на абмеркаванне дзелавой грамадскасці — прынцыповая пазіцыя кіраўніка савета, першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага.
Як зазначыла прэс-служба, з прыняццем Адзінага мытнага тарыфу пошліны на многія гатовыя тавары апынуліся супастаўныя альбо большыя за пошліны на сыравіну і камплектуючыя, неабходныя для вытворчасці гэтых тавараў. Дыспрапорцыя ставак мытных пошлін негатыўна адбілася на эканоміцы перапрацоўчых прадпрыемстваў краіны і зрабіла іх больш уразлівымі перад імпартам з-за межаў ЕАЭС.
На думку БСПН, сітуацыя можа пагоршыцца пасля заканчэння пераходнага перыяду, на працягу якога Расія, стаўшы членам СГА, абавязалася знізіць стаўкі мытных пошлін на многія гатовыя тавары. Нагадаем, Адзіны мытны тарыф карэктуецца ў адпаведнасці з абавязацельствамі Расійскай Федэрацыі перад СГА.
Для выканання даручэнняў урада БСПН распрацаваў апытальны ліст і пачаў рассылаць яго па прадпрыемствах. Вынікі апытання запланавана абмеркаваць у другой палове кастрычніка на круглым стале ў Міністэрстве замежных спраў. Чакаецца, што абмеркаванне дазволіць выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю ўладаў і прадстаўнікоў бізнесу з нагоды ўзроўню мытных ставак і дапаможа падрыхтаваць аргументаваныя прапановы па іх карэкціроўцы для разгляду наднацыянальным органам ЕАЭС.