Меркель: ЕС у крытычнай сітуацыі
Еўрапейскі саюз знаходзіцца ў крытычнай сітуацыі, заявіла канцлер ФРГ Ангела Меркель на нефармальным саміце краін ЕС, які адкрыўся ў пятніцу ў Браціславе.
16.09.2016 / 15:40
AFP
Удзельнікі сустрэчы абмяркоўваюць крокі, якія неабходна будзе распачаць пасля выхаду з Еўрасаюза Вялікабрытаніі.
Па словах Ангелы Меркель, еўрапейскія краіны мусяць прадэманстраваць, што яны здольныя ўмацаваць бяспеку на кантыненце, а таксама эфектыўна супрацоўнічаць ў эканоміцы і ў сферы абароны.
Аднак паміж краінамі ЕС застаюцца глыбокія рознагалоссі з нагоды таго, як забяспечыць эканамічны рост і што рабіць з наплывам мігрантаў.
У сталіцу Славакіі прыехалі прадстаўнікі 27 краін. Упершыню саміт ЕС праходзіць без Вялікабрытаніі, жыхары якой прагаласавалі на рэферэндуме за выхад з аб'яднанай Еўропы.
Прадстаўнікі дзяржаў паспрабуюць вырашыць, што трэба мяняць у палітыцы саюза пасля сыходу брытанцаў.
Напярэдадні саміту старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск заклікаў лідараў ЕС зірнуць на праблемы супольнасці «цвяроза і сумленна».
У Браціславе не плануецца прымаць якія-небудзь рашэнні або падпісваць дакументы — як тлумачаць чыноўнікі ЕС, сустрэча будзе больш падобная на «мазгавы штурм» і абмен думкамі за зачыненымі дзвярыма.
Публікуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»