Краязнаўцы спрабуюць аднавіць у Ляхавічах каплiцу роду Рэйтанаў 

15.08.2016 / 11:14

Праект рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ капліцы. Фота: talaka.by

Каля 10 год таму абвалілася адна з апорных калон капліцы, а ўлетку 2014 года капліца абрынулася. Для аднаўлення аб'екта спадчыны валанцёры шукаюць 3000 даляраў на будматэрыялы і аплату працы кампетэнтных будаўнікоў.

Капліца пабудавана на месцы пахавання аднаго з прадстаўнікоў Рэйтанаў на Ляхавіччыне. Родавых пахавальняў Рэйтанаў да сённяшняга часу захавалася тры: капліца ў Грушаўцы, у вёсцы Усава каля Капыля і ў Ляхавічах.

Такой капліца роду Рэйтанаў была да абрушэння. Фота: talaka.by

— На сённяшні час найбольш пашкоджаным з’яўляецца ляхавіцкі помнік, — паведаміў Intex-press Зміцер Юркевіч, лідар арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана і адзін з ініцыятараў апгрэйду.

Па яго словах, калі адна з чатырох апорных калон капліцы не вытрымала і абрынулася, сябры суполкі Зміцер Юркевіч, Зміцер Крымоўскі, Ігар Гавіна і Алег Балаш узнеслі над каплічкай драўляную ахоўную павець, каб абараніць яе ад ападкаў, і амаль сабралі сродкі на матэрыялы, каб аднавіць калону. Але ў ліпені 2014 года, літаральна за пяць дзён да пачатку запланаваных прац, уся пабудова абрынулася на вачах людзей. У выніку даволі простая задача па аднаўленні адной апоры ператварылася ў амаль невырашальную для купкі энтузіястаў праблему — поўную рэканструкцыю аб'екта.

Сіламі арт-суполкі над капліцай пабудаваны ахоўны навес. Фота: Зміцер Юркевіч

Капліца пасля разбурэння. Фота: Зміцер Юркевіч

Некалькі сезонаў валанцёры разбіралі завалы, сартыравалі цэглу, вывозілі друз і ўпарадкавалі месца пахавання. Арганізатары рэканструкцыі стварылі праект на пляцоўцы talaka.by, дзе змясцілі план апгрэйду капліцы роду Рэйтанаў і пералік усіх неабходных будматэрыялаў.

— Мы разлічылі ўсе матэрыялы, якія нам спатрэбяцца. Застаецца няшмат: пачаць і скончыць. Але без дапамогі ў гэтай справе нам не абысціся. Для аднаўлення капліцы мы шукаем сродкі і будаўнікоў-валанцёраў, — кажа Зміцер Юркевіч.

Усе ахвотныя дапамагчы ў аднаўленні капліцы могуць звязацца са Змітром Юркевічам па тэл. +375 33 3757250 (МТС).

Гістарычная даведка: Капліца роду Рэйтанаў знаходзіцца на ляхавіцкіх могілках. Гэта капліца — помнік у стылі позняга класіцызму, была ўзведзена ў сярэдзіне ХІХ ст. Хто, з якой нагоды, калі дакладна, у гонар якога святога яе пабудаваў, пакуль невядома. Але тое, што яна размешчана ў цэнтры родавага пахавання, гаворыць аб яе важнасці. Металічны надгробак Дамініка Рэйтана быў размешчаны ў капліцы або ў пачатку ХХ ст., або і наогул у часы «развітога сацыялізму». Верагодна, гэта зрабілі з мэтай абараніць яго ад вандалаў.