Як у Беларусі змагаюцца з гепатытам

Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, не менш за 240 млн чалавек па ўсім свеце інфіцыраваны толькі гепатытам В (амаль 3% насельніцтва планеты). У цэлым гэтае захворванне печані, якое з'яўляецца прычынай цырозу і раку, падпісвае прысуд каля 1,5 млн зямлян штогод.

11.08.2016 / 14:51

Фота vashaginekologiya.ru.

Беларусь эксперты адносяць да краін з нізкім узроўнем распаўсюджвання захворвання. Наша медыцына планамерна супрацьпастаўляе вірусам сучасныя метады дыягностыкі і лячэння. Супраць аднаго тыпу атрымалася стварыць моцны бар'ер — маштабную вакцынацыю. На чарзе — выпуск першых уласных прэпаратаў супраць гепатыту.

У апошнія дзесяць год вірусны гепатыт А ў Беларусі хвароба рэдкая. У 2015 годзе яна сустракалася ў 1,7 выпадку на 100 тысяч насельніцтва, а за першае паўгоддзе гэтага — 0,6 выпадку. Адначасова захворванне вострым гепатытам B знізілася адразу ў 3,5 разы, бессімптомнымі формамі — у пяць разоў. Менавіта супраць гэтага тыпу віруса ў Беларусі наладжана масавая вакцынацыя — штогод праз яе праходзяць каля 115.000 чалавек. Сярод іх прыкладна 85.000 нованароджаных і 4.000 чалавек з падвышанай рызыкай інфіцыравання.

Што тычыцца віруснага гепатыту тыпу С, то ад 1996 года выяўлена каля 40.000 хворых. Як правіла, кожны год рэгіструюць 4.000 новых выпадкаў. Тут, вядома, можна рабіць папраўку на тое, што згодна з разлікамі максімальна магчымая колькасць інфіцыраваных гепатытам С у краіне, улічваючы і невыяўленыя выпадкі, набліжаецца да 1,2 працэнта ад агульнай колькасці насельніцтва. Аднак гэта найбольш песімістычны з усіх варыянтаў прагнозаў. Становішча спраў у Беларусі ў СААЗ боязі не выклікае, у адрозненне ад многіх іншых краін.

Сабраныя назіранні паказваюць, што пятая частка заражэнняў адбываецца праз неабароненыя палавыя кантакты, а 11 адсоткаў звязаныя з ін'екцыйным спажываннем наркотыкаў. Падчас медыцынскіх маніпуляцый працэнт заражэння мінімальны - 0,02. Куды часцей заражэнне звязваюць з быццам бы бяскрыўднымі касметычнымі працэдурамі кшталту татуіровак, манікюру, педыкюру. Для перадачы гепатыту дастаткова дзесяцітысячнай міллілітра крыві, маленькай ранкі.