Беларусы будуць ратаваць польскія трускаўкі
За невялікі кошык сабраных ягадаў польскія фэрмэры будуць плаціць крыху больш даляра.
29.05.2008 / 15:08
2,5 злотых (троху больш за долар) можна зарабіць за збор невялікага кошыка трускавак на плантацыі. Для палякаў гэта замалыя грошы. Таму фермеры шукаюць працаўнікоў за усходняй мяжой.
Сезон збору трускавак пачынаецца з чэрвеня і польскія фермеры ўжо цяпер занятыя пошукам беларусаў. Для гэтага ім дастаткова толькі напісаць заяву пра жаданне ўладкаваць на працу замежніка ў мясцовае упраўленне працы. Працаўнікоў шукаюць праз прыватных пасрэднікаў, часам нават праз аб’явы ў беларускіх выданнях.
‑ На мінулым тыдні да нас звярнуўся фермер з Польшчы, які паведаміў, што запрасіў 100 чалавек. Мы штодня выдаем каля 30 працоўных віз для працы ў сельскай гаспадарцы. Спадзяемся, што гэтая лічба будзе расці, — заявіў намеснік консула ў Гродне Барталамей Якубік газеце «Wyborcza».
У Павятовае упраўленне працы ў Сакулцы ў красавіку падалі заяўкі на працаўладкаванне замежнікаў 73 чалавекі, у траўні — 69.
‑ Кожны дзень падаецца яшчэ некалькі. На гэтым тыдні чакаем рэкорду, — кажа супрацоўніца Упраўлення працы ў Сакулцы Малгажата Эйсмант.
У Генеральным консульстве ў Гродне адзначаюць, што засталіся лічаныя дні, каб вырашыць і запрасіць беларускіх працоўных. Пазней консульствы могуць не даць рады з выданнем працоўных віз.