10 гадоў без Янкі Брыля. Цікавыя эпізоды з жыцця пісьменніка

25 ліпеня 2006 года ад нас пайшоў народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль.

25.07.2016 / 15:59

Гісторык і сябар Брыля Анатоль Сідарэвіч прыгадвае некаторыя эпізоды з жыцця пісьменніка. Пра тое, што прынёс на першае спатканне будучай жонцы Ніне Міхайлаўне, як падсмейваўся з Максіма Танка, якія меў звычкі і што лічыў галоўным у людзях.

Янка Брыль. Фота Анатоля Клешчука.

Знаёмства Сідарэвіча і Брыля

Быў 1963 год. Я тады жыў у Тамашоўцы Берасцейскага раёна, куды прыехалі тры пісьменнікі: Сяргей Грахоўскі, Павел Кавалёў і Аляксей Пысін. Самы цесны кантакт у мяне завязаўся з Сяргеем Іванавічам, — распавядае Анатоль Сідарэвіч. — У тым жа годзе дзесьці ў апошніх нумарах часопіса «Полымя» друкавалі раман Брыля «Птушкі і гнёзды». Перад гэтым яго праанансавалі, сам Янка Брыль чытаў фрагменты на беларускім радыё, і яны мяне зацікавілі. Таму раман я прачытаў і выказаў Сяргею Іванавічу Грахоўскаму сваю думку пра яго. А Сяргей Іванавіч напісаў мне ліст, дзе гаварылася, што будзе лепш, калі я ўсё гэта напішу самому Янку Брылю. І даў мне яго адрас. Я напісаў, і з таго часу ў нас з Іванам Антонавічам завязаўся завочны кантакт. Ужо ў лістападзе 1964 года мы пазнаёміліся асабіста. Тут, у Мінску, на вуліцы Карла Маркса, 36, дзе жылі Брылі.

Памятаю, як я, 16-гадовы пацан, іду ў кампаніі з двума Іванамі. Ды якімі! Іванам Антонавічам Брылём, старэйшым за мяне на 31 год, і Іванам Аляксеевічам Скрыганам, старэйшым аж на 42 гады. І аднаго, і другога я любіў як аўтараў. І вось пачынаецца асабістае знаёмства. Мы з вуліцы Карла Маркса крочым уніз, да парка Горкага, робім круг… Дарэчы, у Брыля, як у чалавека разумовай працы, шпацыр быў абавязковы.

Анатоль Сідарэвіч. Фота Настассі Роўды.

Голас у жыцці як на радыё

Адразу пасля асабістага знаёмства я адзначыў дзве рэчы. Па-першае, голас на радыё і голас у жыцці ў Янкі Брыля амаль такі самы. А па-другое, не мог не ўразіць яго грэнадзёрскі рост.

Масей Сяднёў і Янка Брыль. Фота Фота Анатоля Клешчука.

Што найперш цікавіла ў людзях

Для Брыля было важным, наколькі чалавек надзейны. У Савецкім Саюзе ў 30-х гадах і па вайне стаяла пытанне выжывання. Што і каму можна сказаць? Што нельга? Грамадства ж было стукацкае.

Не прымаў савецкую сістэму, але званне «народны пісьменнік» ўсё адно прысвоілі

Наталля Пятроўна Машэрава, дачка Пятра Машэрава, аднойчы згадала, што калісьці яе бацька Пётр Машэраў дома ў размове сказаў пра Брыля: «Я ведаю, што ён не прымае нашу сістэму». І, ведаючы гэта, Пётр Міронавіч як першы сакратар Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі ўсё адно даў згоду на прысваенне Брылю звання народнага пісьменніка. Машэраў цаніў талент Брыля. І эстэтычныя меркаванні сталі ў яго вышэй за палітычныя.

Заставаўся беспартыйным

За кнігу, выдадзеную ў Лондане, Алега Бембеля выключылі з камуністычнай партыі і выкінулі з работы. Ён прыйшоў да Брыля і папрасіў падпісаць хадайніцтва перад ЦК КПБ аб аднаўленні яго ў камуністычнай партыі. Якое ж было здзіўленне Алега Бембеля, калі ён даведаўся, што народны пісьменнік Беларусі — беспартыйны.

Дарэчы, не былі ў КПСС і два іншыя вялікія беларускія пісьменнікі — Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін. 

Пяць фактаў пра Янку Брыля

Наводзьце на маркеры на калажы ніжэй, каб пабачыць факты:

Падсмейваўся з Максіма Танка

Беспартыйны, ён падсмейваўся з Максіма Танка, чалавека, які прайшоў партыйную муштроўку ў юнацтве. Казаў: «Для Максіма і прыбіральшчыца ў ЦК — вялікі аўтарытэт». Гэта было такое лёгкае пакепліванне.

Лаяў Стральцова

З Міхасём Стральцовым у яго былі вельмі цікавыя адносіны. Ён любіў яго настолькі, наколькі і не выносіў. Калі бачыў Стральцова ў хвіліну яго слабасці, Брыля гэта выводзіла з сябе: «Уяві сабе: ідзе з сеткаю, а ў ёй пляшка. Ты толькі ўяві: гэта ідзе Стральцоў!» Не мог ён з гэтым змірыцца. Але Міхась Лявонавіч ведаў, што Брыль яго любіць. І калі лаецца, то гэта так, як бацька на сына: любячы.

Упэўніў Броўку памяняць тон

У літаратуру прыйшло новае пакаленне, гэтак званае «філалагічнае», і стала «ў рожкі» са старэйшымі пісьменнікамі. Пятрусь Броўка рыхтуе даклад і, карыстаючыся высокім становішчам, мае намер размазаць па сценцы некаторых франдзёраў. Брыль падыходзіць да Броўкі і, каб ніхто не чуў, кажа: «Пётр Усцінавіч, гэта нашы дзеці. Разумны бацька дзяцей па галаве не б’е». У выніку Броўка мусіў памяняць тон і выступіў даволі памяркоўна.

Быў паклоннікам Талстога

Ён чытаў усё ці амаль усё, што публікавалася пра Льва Талстога. Неяк пажаліўся, што не чытаў ці то кнігу «Дачка», ці то кнігу «Бацька» Аляксандры Львоўны Талстой, і сказаў мне пра гэта. Я звярнуўся ў Нацыянальную бібліятэку да загадчыцы аддзела беларускай літаратуры Людмілы Мікалаеўны Рабок. Сказаў, што яе сябар, Янка Брыль, хоча пачытаць такую кнігу. І Людміла Мікалаеўна выпісала яе на сваё імя. Я аднёс кнігу Брылю і сказаў, што Людміла Мікалаеўна папрасіла вярнуць ці то праз 10 дзён, ці то праз 14. Ён кнігу прачытаў за лічаныя дні і патэлефанаваў: «Прыйдзі забяры». Я тады сказаў яму: «Вы сябе не шкадуеце. Куды вы спяшаліся?» Яму ж тады было ўжо каля 80 гадоў, а ён кнігу літаральна праглынуў. Пэўна, таму, што пра Талстога, і таму, што таленавіта напісаная.

Не цярпеў «заумь»

Калі выйшла кніга пра Максіміліяна Валошына, ён папрасіў мяне прынесці яе. Кнігу я прынёс. Брыль яе прачытаў і кажа: «І была б добрая кніга, калі б не гэтая «заумь». А там былі цэлыя літаратуразнаўчыя раздзелы, напісаныя адпаведным слэнгам. Вось гэтага Іван Антонавіч не любіў.

У яго была нават парачка моцных выразаў пра гэта, але іх пры даме паўтараць не буду. Калі ў нас пачыналіся такія размовы, ён казаў: «Зачыні дзверы». І Наталля Іванаўна, яго дачка, казала: «Ну што, ужо маты пачынаюцца?»

Казаў мне: «Паглядзі, якая класічная яснасць у Карскага, «заумі» гэтай няма». Класічную яснасць ён любіў. Калі прыгажосць стылю не ва ўрон навуковасці, а навуковасць не адмаўляе добрага стылю. Гэта ён шанаваў у працах вучоных.

Што чытаў

«Дзеяслоў» ён выпісваў, а вось «ARCHE» насіў яму я. Там яго цікавіла наша гісторыя і літаратура, а таксама мастацкія пераклады. Ён са здзіўленнем глядзеў на мае пазнакі на паліталагічных, сацыялагічных тэкстах і пытаўся: «І ты ўсё гэта чытаеш?» Гэта яго не цікавіла. Ён з вышыні свайго ўзросту глядзеў на гэтыя рэчы скептычна.

Не любіў фантастыкі. Якое ж было маё здзіўленне, калі я дазнаўся, што ён чытаў Рэя Брэдберы. Пэўна, таму, што ў Брэдберы (прынамсі ў перакладах) добры стыль. І Брыль пачаў чытаць фантастыку Рэя Брэдберы.

Шмат чытаў мемуарыстыкі і дакументалістыкі.

Сярод яго любімых пісьменнікаў быў Рамэн Ралан з яго творам «Кала Бруньён» і Шолам-Алейхем. Аўтар «Ніжніх Байдуноў» любіў творы «калабруньёнаўскага» кшталту.

Што прынёс на першае спатканне з будучай жонкай

Ніна Міхайлаўна аднаго разу мяне вельмі рассмяшыла: «Ведаеце, што ён прынёс мне на спатканне?» І, не чакаючы, што скажу я, сама адказала на пытанне: «Крытыку чыстага розуму» Імануіла Канта». Смеючыся, Іван Антонавіч пракаментаваў: «Ты ж была гімназістка, дзяўчына граматная».

З Нінай Міхайлаўнай дружба доўжылася недзе 66 год. Такая працяглая — да самай смерці жонкі — была дружба са сваёю Любоўю Андрэеўнай і ў Максіма Танка.

Сямейны рытуал

Калі застаўся ўдаўцом, Наталля, малодшая дачка, тады працавала ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», што месціцца на праспекце Пераможцаў. А бацька яе жыў на цяперашнім праспекце Машэрава. Дык вось, у аўторак, у абедзенны перапынак, Наталля Іванаўна прыязджала да бацькі і прывозіла яму згатаванае на аўторак і сераду, у чацвер — згатаванае на чацвер і пятніцу. У суботу прыязджалі Наталля Іванаўна, старэйшая дачка Галіна Іванаўна і Андрэй Іванавіч з нявесткаю Нінай Піліпаўнай. Дзяўчаты, як называў іх Іван Антонавіч, прыбіраліся, гатавалі, а потым усе разам сядалі за стол абедаць. Гэта быў такі добры сямейны рытуал.

Што было галоўным у жыцці

Галоўным было не здзейсніць якога-небудзь нізкага ўчынку, быць прыстойным чалавекам. Не здрадзіць. Вельмі не любіў плеткароў.

За што балела сэрца

Сэрца балела за Беларусь. За будучыню Беларусі, а гэта значыць і за будучыню дзяцей, унукаў, праўнукаў. Ці застанецца Беларусь? Што гэта будзе за Беларусь? Зноў Паўночна-Заходні край ці ўсё ж такі нешта іншае?

Прыгадваецца сказ з запісаў Брыля, які чытаецца як верш-аднарадковік: «У сцягах нашых многа святла». Ён вельмі хацеў, каб над нашай краінай луналі нашыя сцягі.

«Я адчуваю бязмежную ўдзячнасць»: сям’я і блізкія наведалі магілу Янкі Брыля ФОТА

Запісала Настасся Роўда