Дырэктарка «Белсата»: Польшча не адрачэцца нас, і беларускім уладам трэба прыняць гэта да ведама
31.05.2016 / 22:50
Дырэкцыя польскага тэлеканала для Беларусі «Белсат» да гэтага часу не атрымала адказ Міністэрства замежных спраў Беларусі на просьбу акрэдытаваць дзесяць сваіх журналістаў для працы на беларускай тэрыторыі.
Пра гэта паведаміла ў інтэрв`ю БелаПАН кіраўнік тэлеканала Агнешка Рамашэўска-Гузы.
«На рэгістрацыю карэспандэнцкага пункта мы ўжо не спадзяёмся, — сказала яна. — Мы ж стараемся акрэдытаваць [у МЗС] нашых асобных журналістаў, падалі дзесяць заяў на акрэдытацыю, цяпер чакаем. Нам павінны былі адказаць да 21 мая, але да гэтага часу ні адмоўнага, ні станоўчага адказу няма».
Паводле слоў Рамашэўскай-Гузы, ёй вядома, што польскія дыпламаты прапанавалі МЗС Беларусі зладзіць асабістую сустрэчу з дырэктарам тэлеканала «Белсат»: «Гэта была прапанова з боку нашай дыпламатыі. Не ведаю, ці адрэагуюць беларускія ўлады на гэта. Хутчэй за ўсё, не».
Дырэктар канала падкрэсліла, што Польшча не адрачэцца «Белсата» і «цяперашнія ўлады Беларусі павінны прыняць гэта да ведама». «Атрымаем мы акрэдытацыю ці не, працаваць мы будзем у любой форме. Мы не будзем адаптаваць наш эфір да таго, што хочуць беларускія ўлады, таму што мы прадстаўляем свабодную журналістыку», — адзначыла яна.
Сама Рамашэўска-Гузы за апошнія 12 месяцаў ужо трэці раз атрымала беларускую візу. Калі раней ёй выдавалі дазвол на ўезд на тэрмін ад трох да сямі дзён, то гэтым разам ёй удалося без праблем атрымаць візу на два тыдні. Улічваючы, што яе не пускалі ў Беларусь на працягу дзесяці гадоў аж да 2015 года, магчымасць наведаць краіну зараз яна звязвае з чарговым перыядам лібералізацыі ў краіне.
«Але калі беларускія ўлады сапраўды хочуць пацяплення з ЕС, яны павінны рабіць канкрэтныя дзеянні. Пакуль жа мы маем толькі нейкія размовы і жэсты, як, напрыклад, выдаць візу на два тыдні. А патрэбныя канкрэтныя крокі.
Я не спадзяюся, што ўлады беларусі хочуць іх рабіць, але, магчыма, яны падумаюць пра гэта», — сказала дырэктар «Белсата».