Музыкай стануць успаміны – аўтарская вандроўка са «Спеўным сходам» 4 чэрвеня
Залессе – Смаргонь – Солы – Гервяты – Крэва.
30.05.2016 / 11:49
Вы калі-небудзь спявалі рамансы Агінскага на яго сядзібе?
4 чэрвеня (субота) мы выправімся ў Залессе, каб палюбавацца адноўленым дыяментам Смаргонскага раёна – сядзібай Міхала Клеафаса Агінскага. Па дарозе прафесійны экскурсавод будзе распавядаць нам гісторыю мясцін, якія мы будзем праязжаць.
У Залессі, у прасторнай зале, дзе вялікі кампазітар ствараў сусветнавядомыя творы, мы сваімі галасамі дакранемся да цуда музыкі.
Мастацкі кіраўнік «Спеўнага схода» Сяргей Доўгушаў дасць майстар-клас і пасля гэтага ўсе разам мы напоўнім залы сядзібы спевам рамансаў.
Дарэчы, сядзібу ў Залессі ў XIX ст. называлі «Паўночнымі Афінамі». Такімі зрабіў іх наш герой, Міхал Клеафас Агінскі, які жыў там з 1802 па 1822 гады. На сядзібе захаваўся дух мастацкіх выставаў, літаратурных чытанняў і музычных вечароў, на якіх любіў выступаць і сам гаспадар. Не згубіў сваю таямнічасць і рамантычны парк, па якім вы зможаце прагуляцца.
Пасля мы заедзем у Смаргонь, горад, вядомы сваёй «мядзвежай акадэміяй».
Смаргонь вельмі цікавіць і рэлігійнымі збудаваннямі: былым кальвінскім зборам, а сёння касцёлам Святога Міхаіла Арханёла і Спаса-Прэабражэнскай царквой.
Таксама наведаем унікальны касцёл у вёсцы Солы, які захаваў непаўторныя роспісы знакамітага беларускага мастака Пётры Сергіевіча.
Гэта аздабленне стала самай яго вялікай манументальнай працай. Дарэчы, мясцовасць пад Соламі ў XVIII ст. прыняла найбуйнейшую бітву Тадэвуша Касцюшкі з расійскімі войскамі, а пры канцы Першай сусветнай, у 1917 г., у гэтай вёсцы было падпісана перамір’е паміж бальшавікамі і немцамі.
Чарговай кропкай нашай вандроўкі будзе касцёл Святой Троіцы ў Гервятах. Ён лічыцца адным з найпрыгажэйшых храмаў у Беларусі.
Пабудаваны ў стылі неаготыкі, касцёл уражвае сваімі формамі і аб’ёмамі і, канечне, велічным арганам.
І як бонус за той доўгі шлях, які мы адбудзем у вандроўцы, нас сустрэнуць муры Крэўскага замка.
Найлегендарнейшае месца беларускай гісторыі, дзе была падпісана Крэўская ўнія. Вы даведаецеся, што дала гэта ўнія Польшчы, Літве і Беларусі. Зможаце памацаць сцены, дзе сядзеў у затачэнні Вітаўт і ўбачыць парэшткі вежы, якая стала месцам апошніх хвілін жыцця Кейстута. Каля замка над дрэвамі ўзносіцца паганскае капішча, на якое можна падняцца і адчуць старажытны дух нашага краю.
Па дарозе ў Мінск таксама не засумуем: сумесны спеў у аўтобусе зробіць дарогу да сталіцы незабыўнай.
Цана – 390 000 рублёў з асобы.
Для ўдзельнікаў «Спеўнага схода» і сталым кліентам зніжка – 10%!
У кошт экскурсіі уваходзяць:
1. Праезд на турыстычным аўтобусе.
2. Уваходныя квіткі.
3. Экскурсійнае абслугоўванне па маршруце.
Дадаткова аплачваецца: абед.
Тэлефоны для запісу: (17) 222 33 21, (29) 650 61 02, (29) 765 25 45 (Дзяніс).
ООО «БелЮниИнтерКом» УНП 190522713