Лукашэнка — Бердымухамедаву: Мы паціху пачынаем пераймаць усё найлепшае ў вас
11.05.2016 / 13:48
president.gov.by
Беларусь гатова абмеркаваць з Туркменістанам шырокі спектр пытанняў узаемавыгаднага супрацоўніцтва «ва ўмовах няпростай сітуацыі ў свеце», заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 мая на сустрэчы з туркменскім калегам Гурбангулы Бердымухамедавым у вузкім складзе.
Ён падкрэсліў, што рады ў чарговы раз вітаць Бердымухамедава ў Беларусі, і «з задавальненнем» адзначыў, што заўсёды рады бываць на туркменскай зямлі. «Мяне заўсёды ўражвае навізна ў Ашхабадзе, і мы паціху пачынаем пераймаць усё лепшае ў вас. У той жа час мы гатовыя і дзелімся з вамі сваім перадавым вопытам».
Лукашэнка адзначыў, што на перамовах трэба будзе разгледзець двухбаковае супрацоўніцтва, а таксама «сітуацыю ў свеце і тое, як яна ўплывае на беларуска-туркменскія адносіны і што нам трэба зрабіць яшчэ, каб пераадолець тыя негатыўныя з'явы, якія ўплываюць на нас, і не дапусціць большага ўплыву на нашы краіны».
Ён акцэнтаваў увагу «на той няпростай сітуацыі, якая складваецца ў свеце». «І мы — тыя дзяржавы, якія залежаць ад сусветнай кан'юнктуры, хто больш, хто менш, і няма, напэўна, у свеце дзяржаваў, якія б не залежалі, — заявіў Лукашэнка. — Гэта значыць аб'ём пытанняў для абмеркавання ёсць, і ён немалы. І чым больш мы сустракаемся, тым больш з'яўляецца пытанняў, якія мы паспяхова абмяркоўваем, прымаем рашэнні і рэагуем».
У сваю чаргу Бердымухамедаў адзначыў, што Беларусь і Туркменістан маюць падобныя пазіцыі на міжнароднай арэне, у прыватнасці «ў пытанні неабходнасці забеспячэння стабільнасці і бяспекі ва ўсім свеце».
Ён таксама падзякаваў Лукашэнку за ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Палітыка нейтралітэту: міжнароднае супрацоўніцтва ў імя міру, бяспекі і развіцця» ў Туркменістане ў снежні 2015 года і «высока ацаніў яго выступленне на гэтым форуме».
Бердымухамедаў запрасіў беларускага калегу ўзяць удзел у міжнародным форуме па пытаннях развіцця транзітных транспартных калідораў, які пройдзе ў Туркменістане ў гэтым годзе.
Акрамя таго, туркменскі прэзідэнт спыніўся на эканамічным супрацоўніцтве дзвюх краін. Паводле яго слоў, будаўніцтва на тэрыторыі Туркменістана Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната прынясе Беларусі і Туркменістану «вельмі добрыя эканамічныя дывідэнды».
Бердымухамедаў «з задавальненнем адзначыў добрую працу міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве» і выказаў надзею, што Беларусь і Туркменістан знойдуць рэзервы для павелічэння ўзаемнага тавараабароту. Прэзідэнт Туркменістана таксама падзякаваў беларускаму боку «за падрыхтоўку высокакваліфікаваных кадраў з ліку туркменскай моладзі ў беларускіх ВНУ».
Бердымухамедаў прыбыў у Беларусь з двухдзённым афіцыйным візітам 11 мая. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага прэзідэнта, па выніках перамоў Лукашэнка і Бердымухамедаў падпішуць сумесную заяву, накіраваную на «далейшае ўмацаванне ўзаемавыгаднага беларуска-туркменскага супрацоўніцтва». У прысутнасці лідараў дзвюх краін таксама будзе падпісаны шэраг іншых двухбаковых дакументаў.
Чакаецца, што прэзідэнт Туркменістана пасадзіць дрэва на Алеі ганаровых гасцей каля Палаца Незалежнасці і разам са сваім беларускім калегам возьме ўдзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Мінску.