У медыцынскім цэнтры «Экамедсэрвіс» у Мінску памёр чалавек

дададзена

У прыватным цэнтры «Экамедсэрвіс» у Мінску раніцай 22 красавіка памёр чалавек.

22.04.2016 / 12:21

infodoctor.by

Як паведаміў БелаПАН сведка — пацыентка медцэнтра, каля 10.00 у холе «Экамедсэрвіса» ляжаў накрыты прасціной чалавек, побач знаходзіліся дактары і міліцыянер.

На пытанне, што адбылося, адна з супрацоўніц клінікі адказала, што мужчына памёр ад сардэчнага прыступу.

Адміністрацыя «Экамедсэрвіса» ад каментарыяў адмаўляецца.

Высветлілася, што памерлы — жыхар Рэчыцы 1952 года нараджэння.

Як паведаміў БелаПАН прэс-афіцэр УУС Кастрычніцкага раёна Мінска Леанід Ушэнін, мужчына прыехаў у Мінск са сваёй знаёмай, каб прайсці абследаванне ў медцэнтры. Падчас чакання прыёму ў калідоры мужчыну стала дрэнна. «Медыкі спрабавалі яго выратаваць, але ў 8.05 зафіксавалі смерць», — адзначыў прэс-афіцэр.

Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта здарэнне не носіць крымінальнага характару — мяркуецца, што мужчына памёр ад трамбозу. «Канчатковыя высновы будуць зробленыя пасля правядзення судмедэкспертызы», — дадаў Ушэнін.