«У кожнага сваё кіно»
Юбілейны кінаальманах знаных рэжысэраў
Такешы Кітана працуе кінамэханікам у самотным вясковым клюбе; Дэйвід Кронэнбэрг ладзіць “Самазабойства апошняга габрэя ў апошнім кінатэатры”, імпазантны Трыер-кілер супакойвае малатком надакучлівага гледача, Паланскі зьдзекуецца з “Эратычнага кінатэатру”...
28.04.2008 / 21:18
Кінаальманах, складзены 33 рэжысэрамі, у якім яны прызнаюцца ў любові да кіно.
Ідэя альманаху зьявілася ў дырэктара Канскага кінафэсту Жыля Жакоба – і ён прапанаваў вядомым творцам да юбілейнага фэсту зрабіць трохвілінныя скетчы. Стылістычных і сюжэтных абмежаваньняў ніякіх, акрамя таго, што дзеяньне мусіць разгортвацца ў кінатэатры, а мініфільм здымаецца за невялічкія грошы (25 тыс. даляраў).
Такешы Кітана працуе кінамэханікам у самотным вясковым клюбе; Дэйвід Кронэнбэрг ладзіць “Самазабойства апошняга габрэя ў апошнім кінатэатры”, імпазантны Трыер-кілер супакойвае малатком надакучлівага гледача, Паланскі зьдзекуецца з “Эратычнага кінатэатру”, а Мануэль дэ Алівэйра дасьціпна фантазіруе на тэму сустрэчы Мікіты Хрушчова і “таварыша” Папы Рымскага.
Злодзей крадзе грошы, а натыкаецца на дзявочае сэрца (бліскучая навэля братоў Дардэнаў), працоўныя ліцейнага цэху глядзяць Люм'ераў (стылёвы скетч Акі Каўрысьмякі); танцоўшчыца трызьніць нажніцамі (як, заўжды, Лінч), а бацька з сынам абіраюць замест фільму – футбол (Кен Лоўч).
Сьляпыя глядзяць кіно (навэлі Іньярыту й Кайге), прыбіральнік перасьледуе жамяру-кінаманку (Джэйн Кэмпіён), стужка “Дыбук” выклікае выбухі (Амас Гітай), а закаханы хлопец уваходзіць у экран (Гас Ван Сэнт).
У навэлях чорны гумар, сьлёзы, сацыяльная крытыка – а то й звычайнае самалюбаваньне з фальшам (Ёсэф Шахін, Клёд Лелюш, Андрэй Канчалоўскі).
Хаця ў стужках – процьма знакамітых імёнаў, юбілейны альманах не такі цікавы й цэласны, як нядаўні зборнік “Парыж, я люблю цябе”; ён легкадумна дэманструе фірмовыя рэжысэрскія прыёмы, пацяшае асобнымі навэлямі – і ганарова праходзіць Канскую справаздачу.
Асобных рэжысэраў Жыль Жакоб доўга ўпрошваў. Братаў Коэнам нават даслаў ліст з аграмадным шрыфтам (іхняя навэля ў менскі зборнік ня трапіла).
І хаця альманах пакідае прыемнае ўражаньне – найлепшыя навэлі пра кіно яшчэ ня створаныя.
Фільм дэманструецца ў межах праграмы “Канаманія” ў менскім “Доме кіно” да 4 траўня.