Жанчыны ў два разы часцей пакутуюць на псіхічнае знясіленне
09.03.2016 / 20:33
Псіхічнае знясіленне ў жанчын назіраецца ў два разы часцей, паведаміла на прэс-канферэнцыі дацэнт кафедры псіхатэрапіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Тарасевіч.
Самастойна распазнаць псіхічнае знясіленне можа кожны чалавек. Перш за ўсё з'яўляецца пачуццё змучанасці, падвышанай раздражняльнасці без падстаў, у тым ліку пры яркім святле, гучных гуках і нават пахах. Чалавек пастаянна адчувае сябе разбітым, хоча спаць, але ўвечары не можа заснуць. У гэтым выпадку патрэбен паўнавартасны адпачынак. Калі стан доўжыцца больш за два тыдні, неабходна звярнуцца па дапамогу да спецыяліста, які прызначыць неабходныя лекавыя прэпараты. У прыватнасці, анксіялітыкі і вітамінныя прэпараты знізяць трывогу, раздражняльнасць і палепшаць сон.
У цэлым, паводле слоў спецыяліста, насельніцтва сёння больш інфармаванае ў гэтым плане, ведае розніцу паміж дзейнасцю псіхолага, псіхатэрапеўта і псіхіятра, таму не баіцца звяртацца па кваліфікаваную меддапамогу. Спецыяліст можа правесці дыферэнцыяльную дыягностыку, прызначыць лячэнне з дапамогай лекавых прэпаратаў і псіхатэрапеўтычных методык.
Па словах Алены Тарасевіч, у краіне дастаткова даступных па цане лекавых прэпаратаў як імпартнай, так і айчыннай вытворчасці, якія зніжаюць узровень стрэсу, лечаць дэпрэсію і іншыя псіхічныя расстройствы. Усе лекі выпісваюцца на рэцэптурных бланках і не больш чым на месяц.