Украіна прызначыла бацькам Жызнеўскага пажыццёвую стыпендыю

24.02.2016 / 20:56

Урад Украіны прызначыў пажыццёвую стыпендыю бацькам загінулага Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызнеўскага.

Як паведамілі ў прэс-службе Міністэрства сацыяльнай палітыкі, адпаведнае рашэнне было зацверджана ў пастанове «Аб пажыццёвай стыпендыі памяці М. Жызнеўскага».

«У выкананне Указа прэзідэнта мы прызначылі пажыццёвую стыпендыю бацькам Героя Нябеснай Сотні Міхаіла Жызнеўскага, грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які аддаў сваё жыццё за будучыню Украіны», — сказаў міністр сацыяльнай палітыкі Павел Разенка.

«Памер пажыццёвай стыпендыі бацькам Героя — Міхаілу Пятровічу і Ніне Васільеўне, якія жывуць у Беларусі, складзе 3250 грн кожнаму», — паведаміў ён.

Адзначаецца, што перавод стыпендыі ў Беларусі будзе ажыццяўляць Дэпартамент сацыяльнай абароны насельніцтва Чарнігаўскай аблдзяржадміністрацыі паштовым пераводам праз «Укрпошту» па месцы фактычнага пражывання бацькоў Жызнеўскага.

Выдаткі на выплату і дастаўку пажыццёвай стыпендыі будуць фінансавацца са сродкаў дзяржбюджэту па праграме «Дзяржаўныя пажыццёвыя стыпендыі», дадалі ў ведамстве.

Грамадзянін Беларусі Міхаіл Жызнеўскі загінуў ад кулі 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.