Ну што, назад у СССР? Калекцыя савецкіх фота

22.02.2016 / 21:13

«Усё часцей чую ў рускамоўным інтэрнэце стогны пра тое, як жа добра жылося ў СССР, асабліва яны ўзмацніліся пасля ўвядзення Расіяй забароны на ўвоз «санкцыйных» прадуктаў і памяншэння асартыменту ў крамах. Маўляў, «у СССР усё было», «усе прадукты былі зробленыя паводле ГОСТа», «ах, якое тады было марозіва» і гэтак далей, — піша ў сваім «Жывым Журнале» блогер Максім Міровіч.

— Што самае цікавае, часцей за ўсё такое можна пачуць ад зусім маладых людзей 1990+ года нараджэння, якія СССР не засталі ні ў якім выглядзе, а проста наслухаліся гарадскіх вар'ятаў накшталт Дугіна, Старыкава, Васермана або Кургіняна.

У СССР жылося дрэнна і бедна, прычым гэта тычыцца ўсіх яго перыядаў гісторыі, а не толькі перабудовы. Нават у крыху больш заможныя часы, калі ў крамах буйных гарадоў худа-бедна можна было атаварыццы кансервамі з печані траскі і сыравэнджанай каўбасой — у крамах больш дробных населеных пунктаў і вёсак было пуста і бедна. Па радыё рапартавалі пра рэкордныя надоі і стаханаўскія рэкорды ў справе птушкагадоўлі, а ў крамах была вадкая (тройчы разведзеная) смятана з велізарных алюмініевых бітонаў, горкі селядзец (загортваўся ў газету), худыя сінюшныя куры з кішкамі і галавой, кіслы хлеб-«цагліна» і смутныя шэрагі трохлітровых слоікаў з падсалоджанай вадой і цэтлікам «бярозавы сок».

Марозіва, дарэчы, было ані смачнейшым, чым цяпер — проста на фоне вось гэтага асартыменту і татальнага дэфіцыту астатніх прысмакаў яно выглядала чымсьці незямным.

1. Вялізная чарга па нейкае кепскае мяса накшталт другагатунковых свіных рэбраў.

Мяса і мясныя прадукты былі ў вялікім дэфіцыце ў СССР і на большай частцы гэтай «вялікай краіны» ўжо ў 1970-я яго прадавалі па талонах. Выразка простым смяротным была даступная толькі на калгасных рынках. У крамах жа прадавалі замарожанае, з косткамі, але і за ім стаялі чэргі.

2. Вулічны гандаль мясам.

Упэўнены, цяпер большасць з вас пастараліся б як найхутчэй праскочыць міма такога «мяса», стараючыся не дыхаць праз нос, а ў тыя часы нават па такую нізкаякасную прадукцыю выстройваліся даўжэзныя чэргі.

3. Чарга па партвейн на разліў.

Вось да чаго прывяла пастанова, якую прыняў 7 мая 1985 года Савет міністраў СССР «Аб мерах па пераадоленні п'янства і алкагалізму, выкараненні самагонаварэння» — нават па такі кепскі партвейн, прывезены невядома адкуль, выстройваліся вялізныя чэргі.

4. Вось гэта чарга ў пункт прыёму шклатары — што цікава, усе бутэлькі з-пад гарэлкі. У такіх месцах заўсёды быў спецыфічны пах піўных дрожджаў і перагару.

5. Акрамя дэфіцыту і беднага асартыменту, савецкаму гандлю выдатна ўдавалася арганізаваць чэргі на пустым месцы, вельмі неэфектыўна арганізуючы працэс продажу.

Самаабслугоўванне было толькі ў адносна буйных крамах, а ў звычайных «гастраномах» пакупнік, каб купіць, скажам, 100 грам сыру, павінен быў адстаяць тры чаргі — спачатку ўласна па сыр, каб узважыць патрэбны кавалак (на гэтым этапе, дарэчы, вельмі часта разыгрываліся славесныя баталіі — «не, гэта дрэнны кавалак, заветраны, і з лічбамі пластмасавымі ўнутры» - «бярыце, пакуль даюць, а то і гэтага не будзе!»). Другая чарга была ў касу для аплаты, прычым пакупнік павінен быў трымаць у галаве вагу ўзважанага сыру і аддзел, у якім ён яго ўзважыў. А трэцяя чарга была ўжо з чэкам — каб забраць узважаны прадукт.

6. Чарга па гарэлку.

У 80-я яе адпускалі «не больш за дзве бутэлькі ў адны рукі», для чаго ў чаргу з сабой часта бралі сваякоў.

7. Яшчэ чаргу ў віна-гарэлачны.

Хутчэй за ўсё, альбо па гарэлку, альбо па кепскае «мацаванае» віно, якое з'яўляецца па сутнасці тым, што ў Беларусі цяпер называюць трапным словам «чарніла».

8. Гандаль проста на вуліцы сінімі здохлымі курамі.

Ногі з кіпцюрамі нават не абразаліся пастаўшчыком, каб курыца завесіла больш. Яшчэ яны былі вельмі дрэнна аскубаныя, у выніку чаго такіх курэй перад гатаваннем даводзілася абпальваць над газам. Цяпер такую дрэнь я б не купіў нават сабаку.

Дарэчы, звярніце ўвагу на савецкія спружынныя шалі — вельмі часта яны станавіліся прадметам спекуляцый і абвесаў: прадаўцы расцягвалі ў іх спружыны, падкладалі плоскія магнітныя гіркі і гэтак далей — у выніку чаго пакупніка можна было абважыць на 5—30%, паклаўшы розніцу сабе ў кішэню. У гэтай сістэме ўсе выжывалі, як умелі…

9. Асартымент абутковай крамы.

Нават кепскі савецкі абутак (у якім было жудасна горача летам, холадна зімой і мокра ў дэмісезон) дастаць было цяжка. У канцы васьмідзесятых, каб купіць больш-менш прыстойныя скураныя туфлі маркі «Белвест», мой бацька і брат напераменку адстойвалі даўжэзную начную чаргу з задняга двара крамы.

10. Чарга па марожаны мінтай — іншая рыба прадавалася рэдка калі.

Яшчэ звярніце ўвагу на шэрую абгортачную паперу — у яе заварочвалі ўсё, ад карамелек да свіных рэбраў. Калі прадукт быў вільготны (напрыклад, селядзец «івасі»), то кавалачкі такой паперы выдатна да яго прыліпалі.

11. Савецкая крама канца васьмідзясятых.

Вельмі часта без чаргі нельга было купіць нічога, акрамя абутковага тлустага крэму, пластмасавых мыльніц і скрыначак для зубных шчотак «для камандзіровачных», а таксама зубнога парашку.

12. Стэлажы прадуктовай крамы.

Банкі з нейкім сокам, хутчэй за ўсё яблычна-слівавым. Па сутнасці, гэта быў не сок, а тое, што цяпер называюць «нектарам» — фруктовае пюрэ, змяшанае з цукрам, вадой і лімоннай кіслатой.

13. Чарга па нешта, няважна па што.

Убачыўшы на вуліцы такую карціну, шараговы савецкі чалавек лічыў сваім абавязкам падысці і спытаць — «хто крайні? Я буду за вамі», і толькі затым — «а што даюць?».

Мяркуючы па фота, «выкінулі» торты з тлустымі моташлівымі ружачкамі зверху, ружовага і жоўтага колеру, «не больш за два ў адны рукі».

Навошта вам трэба два торты? Адзін з іх, напрыклад, можна было «занесці» «свайму» знаёмаму цырульніку, каб ён пастрыг цябе «добра і без чаргі».

14. Асартымент спартыўнага аддзела ў ЦУМе.

15. Чарга бабулек па цягучы і смярдзючы нерафінаваны сланечнікавы алей.

16. Чэргі, чэргі…

Савецкі гандаль і ў цэлым савецкая сістэма — выдатная ілюстрацыя таго, якім прыніжаным, вартым жалю і дробязным можа стаць чалавек, змешчаны ў пэўныя акалічнасці. Змяні абставіны — і чалавек будзе іншым.

І яшчэ я добра памятаю першую вопратку, прысмакі і цацкі, прывезеныя бацькамі ў 1990-м годзе з-за мяжы — усё гэта выглядала і пахла як рэчы з іншай галактыкі.

А вы хацелі б назад у СССР? Што б вы там рабілі?»