У Расіі ўвядуць падатак на «шкодныя прадукты»
05.02.2016 / 07:58
Урад РФ збіраецца ўвесці акцызы на тавары, частае ўжыванне якіх можа нанесці шкоду здароўю, у тым ліку з утрыманнем пальмавага алею, піша газета «Ведомости».
Крыніцы выдання распавялі, што ў пералік «шкодных» прадуктаў могуць патрапіць чыпсы, электронныя цыгарэты і газаваныя напоі. Адна з іх дадала, што спіс можа быць пашыраны прадуктамі з павышаным утрыманнем тлушчаў і цукру. Таксама можа быць разгледжаны варыянт з увядзеннем акцызаў на сам цукар і пальмавы алей.
Па дадзеных газеты, акцыз на пальмавы алей можа быць уведзены ўжо 1 ліпеня па стаўцы каля $200 за тону альбо на ўзроўні ў 30% ад кошту. Пры гэтым цяпер у Расіі расце спажыванне гэтага алею, які выкарыстоўваецца ў якасці таннай замены тлушчам жывёльнага паходжання.
Суразмоўцы газеты сцвярджаюць, што ідэю падтрымлівае прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Летам мінулага года з прапановай аб абмежаванні рэкламы «шкодных» прадуктаў выступала група дэпутатаў на чале з адзінаросам Васілём Шастаковым, былым трэнерам Пуціна па дзюдо.