Стралкоў, Лімонаў, Прасвірнін заснавалі «Камітэт 25 студзеня». Іх мэта — далучыць Беларусь і Украіну да Расіі
26.01.2016 / 14:36
Учора ўвечары ў офісе руху «Наваросія» ў Маскве пад старшынствам Ігара Стралкова, колішняга лідара «ДНР», адбыўся ўстаноўчы сход «Камітэта 25 студзеня».
На паседжанні прысутнічалі пісьменнік-нацбол Эдуард Лімонаў, рэдактар сайта «Спутнік і пагром» Ягор Прасвірнін, заснавальнік незарэгістраванай Нацыянальна-дэмакратычнай партыі Канстанцін Крылоў, пісьменнік-футуролаг Максім Калашнікаў, блогер Эль Мюрыд (Анатоль Несміян).
Усё гэта крайне правыя або крайне левыя, маргінальныя расійскія палітычныя сілы.
«Мы сышліся ў меркаванні аб тым, што становішча РФ скочваецца да сістэмнага краху, што празаходнія лібералы ўжо не хаваюць сваёй злараднасці і загадзя прымяраюцца да ўлады і што сама ўлада РФ робіць усё для свайго падзення. Сітуацыя моцна нагадвае напярэдадзень Майдана ва Украіне. Пры гэтым у краіне няма разумнай Трэцяй сілы, што процістаіць як тупіковым, збанкрутаваным ахраніцелям, гэтак і празаходнім беластужачнікам», — напісаў на сваёй старонцы ў ЖЖ Максім Калашнікаў.
Эдуард Лімонаў жа адзначыў мэту камітэта наступным чынам: «Каб Расія не дасталася хадаркоўскім лібералам. Стаўленне да існуючай улады — халаднавата ўмеранае».
Сярод сваіх мэтаў камітэт «25 студзеня» называе: на першых парах не даць Расіі разваліцца, а ў будучыні – пачаць «палітыку ўзнаўлення рускага народа ў адной дзяржаве». «Пры гэтым для нас рускія – гэта велікаросы, маларосы і беларусы». Такім чынам рух выступае за ліквідацыю беларускай незалежнасці.
«Дзеючая ўлада хворая і занятая самаразбурэннем. Навязвацца ёй у памочнікі мы не маем намеру. І вымазвацца ў ёй — таксама. Яна цяпер на вачах ператвараецца ў хадзячага мерцвяка, забіўшы сябе эканамічным ідыятызмам апошніх 15 гадоў», — працягнуў Калашнікаў.