Марына Арзамасава: «У спорту не жаночае аблічча»
13.01.2016 / 15:10
Пасля бліскучага фінішу на чэмпіянаце свету ў Пекіне на дыстанцыі 800 метраў Марына Арзамасава даказала, што яна не толькі еўрапейская, але і сусветная лёгкаатлетычная зорка. Для кагосьці гэтая перамога выглядала як сенсацыя, але для Марыны гэта заканамерны вынік карпатлівай шматгадовай працы. У спартыўным асяроддзі яна вядомая яшчэ як адна з самых экстравагантных і стылёвых спартовак. Мы завіталі ў госці да Марыны ў яе новую кватэру, дзе яна падзялілася з намі сакрэтамі жаночай прывабнасці, прадэманстравала ўлюбёныя рэчы са свайго гардэробу і распавяла пра падрыхтоўку да галоўнага старту чатырохгоддзя — Алімпіяды ў Рыа.
«На спаборніцтвах ты павінная забыць пра сваю жаночую сутнасць»
Напярэдадні чэмпіянату свету я вычытала дзесьці ў інтэрнэце цікавы выраз: «Не забывай, што ў першую чаргу ты — мужчына, а толькі потым — слабая і безабаронная дзяўчына». І гэта цалкам пра нас, спартовак. На спаборніцтвах ты павінная забыць пра сваю жаночую сутнасць. Каб перамагаць, трэба мець мужчынскі байцоўскі характар і пастаянна дабівацца ад сябе «нежаночых» эмоцый. Таму, перафразаваўшы нашу нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч, у спорту не жаночы твар.
Зразумела, разумны баланс таксама мусіць быць. Гэта часам складана, але нельга забываць пра сваю жаночую сутнасць і рабіцца гром-бабай. Асабіста я ў пазаспартовым жыцці імкнуся рабіць тое, што ўласціва толькі жанчынам: радую сябе прыгожай вопраткай, прычоскай, манікюрамі-педыкюрамі, нават жаночыя серыялы часам гляджу. Гэта здорава падымае настрой і дапамагае дасягнуць душэўнай раўнавагі. Нездарма ў самы складаны для нас перыяд — перад важным стартам — большасць лёгкаатлетак робіць прычоску, макіяж. Гэты своеасаблівы рытуал дапамагае нам супакоіць унутраны мандраж, настроіцца на старт і выйсці на бегавую дарожку прыгажунямі. Усё ж такі жанчыну жанчынай робіць жаноцкасць і хатнія абавязкі. Калі ёсць час, абавязкова нешта гатую для мужа і дачкі, прыбіраюся. Напрыклад, я не дазваляю свайму мужу мыць падлогу — не мужчынская гэта справа!
«Ніколі не аддам за сумку 2 тысячы даляраў»
Я прытрымліваюся розных стыляў. У мяне няма б’юці-ікон. Мне вельмі падабаецца даглядаць сябе і быць у авангардзе модных трэндаў. Але пры гэтым я імкнуся быць непаўторнай і запамінальнай. У мяне ўжо склаліся пэўныя ўяўленні пра тое, што мне падабаецца і пасуе, а што — не. З фаварытаў — стыль кэжуал. А яшчэ вельмі люблю элегантныя сукенкі яркіх адценняў, рваныя джынсы, кеды, майкі. Кватэру ўжо распірае ад маёй вопраткі!
Я вельмі заняты чалавек. Часу катастрафічна не хапае. У асноўным я папаўняю свой гардэроб за мяжой, бо там больш модных навінак, ды і цэны значна ніжэйшыя. Вельмі мне даспадобы брэнд Guess. У іх такія прыгожыя сумкі, капелюшы, шалікі, кеды! А на дызайнерскія рэчы я толькі любуюся, бо яны вельмі шмат каштуюць. Пры ўсёй маёй любові да іх, я адэкватна гляджу на рэчы. Грошы мне даюцца ой як нялёгка! Колькі намаганняў трэба прыкласці, каб іх зарабіць… Можа, калі б я жыла за чыйсьці кошт і не працавала, то без турбот магла б заплаціць за сумку ад Шанэль ці Дольчэ Габана 2 тысячы даляраў. А так трэба думаць пра сям’ю і заўтрашні дзень. Гэты год наогул быў прысвечаны нашай новай кватэры, у якой мы рабілі рамонт, набывалі мэблю. На абнаўленне гардэробу не было ні часу, ні грошай, таму куплялі толькі самае неабходнае.
«Ніколі не трэба сябе запускаць»
Жанчына ніколі не павінная сябе запускаць і заўсёды дбаць пра сваю прыгажосць, якія б цяжкасці ні здараліся ў жыцці. Калі ты добра выглядаеш, то і адчуваеш сябе больш упэўнена, а настрой проста цудоўны! І людзі адпаведна да цябе ставяцца. У чалавека на ўзроўні інстынктаў закладзеная прага да прыгажосці і гармоніі. Мой касметычны мастхэв — гэта розныя хайлайтары, танальныя крэмы і базы пад макіяж, бляскі і памады, асабліва чырвоныя. Я аддаю перавагу маркам MAC і Loreal. Вельмі ўважліва падыходжу і да выбару парфумы.
Але мужчын у жанчыне перш-наперш прываблівае бляск шчасця і дабрыні ў вачах. Трэба думаць пазітыўна і абавязкова рабіць добрыя ўчынкі. Гэта рэальна працуе. Не трэба пачынаць з нечага глабальнага, проста кожны дзень гаварыце сустрэтым людзям больш цёплых і добрых словаў. Дабрыня выяўляецца ў дробным: ветлівая ўсмешка, камплімент, пакармі зімовым днём птушак, дапамажы беспрытульнаму сабачку ці кату знайсці старых ці новых гаспадароў, папрацуй хаця б адзін дзень валанцёрам у хоспісе ці бальніцы… Адзін невялічкі добры ўчынак можа змяніць сусвет і прынесці ў яго дабрыню! Гэтаму я вучу і сваю маленькую дачушку Аляксандру. Яна ў мяне расце сапраўднай модніцай і мае досыць упарты характар. У яе свае ўражанні пра прыгажосць і стыль, і часам мы доўга спрачаемся, якую сукенку і пад якія чаравічкі трэба надзець для дзіцячага садка. Дзяўчынка — будучая жанчына, таму павінная з дзяцінства расці ў прыгажосці. Але ў выхаванні Сашы мы з мужам вялікую ўвагу надаём духоўным каштоўнасцям, каб усё было гарманічна.
«У Бразіліі мяне б зразумелі»
Мы, спартоўцы, больш увагі надаём свайму целу, таму нядзіўна, што часта ўпрыгожваем яго татуіроўкамі. І я — не выключэнне. У мяне іх шэсць. Першую зрабіла ў 17. Тады мне жудасна гэтага хацелася, і было без розніцы, які малюнак набіць. Потым ужо падыходзіла да гэтай справы з розумам. Не думаю, што спынюся: абавязкова зраблю яшчэ. За мяжой татуіроўкі даўно сталі нечым звычайным, і толькі ў нас да іх яшчэ ставяцца з асцярогай. Памятаю, у свой першы візіт у Бразілію мяне вельмі здзівіла вялікая колькасць тату на целах мясцовых жыхароў. Там вельмі цёпла, людзі шмат часу праводзяць на пляжах, таму і любяць упрыгожваць сваё цела, каб нечым вылучацца. Я тады пажартавала: «Я мару тут жыць, бо мяне з маёй прагай да тату тут добра зразумеюць».
«Беларусаў вызначае цяга да прыгажосці»
Як і ўсе дзяўчынкі, у дзяцінстве я вельмі любіла палазіць па мамінай касметычцы. У 90-я гады галоўным мастхэвам для жанчын былі вялікія наборы касметыкі, якія раскладваліся на некалькі ярусаў. Там было ўсё! У маёй маці іх было некалькі. Штосьці захавалася нават да сённяшняга часу. Бабуля хацела мне іх аддаць, каб я карысталася. Смешна, там даўно скончыўся тэрмін прыдатнасці. Можна было б выкінуць, але гэтыя касметычныя наборы для мяне каштоўныя як напамін пра маці.
Асэнсавана я пачала карыстацца касметыкай у падлеткавым узросце падчас жыцця ў Калінінградзе, куды пераехала пасля трагічнай гібелі матулі — вядомай савецкай бягунні Равілі Аглятдзінавай. Там мяне выхоўвалі яе сябры — трэнеры. Яны забаранялі мне карыстацца не толькі касметыкай, але нават парфумай. Маўляў, добрым дзяўчынкам гэта не пасуе. І я ўсё рабіла ўпотайкі. А калі ў 11 класе вярнулася да бабулі ў Мінск, ужо яна спрабавала мяне «выхоўваць». Але дапамагала мала, бо я проста ашалела ад таго, што нарэшце дарвалася да касметыкі! Адразу пафарбавала валасы ў нейкі незразумелы яркі колер. Як, пэўна, ва ўсіх, першыя мае б’юці-эксперыменты былі досыць смешныя.
У мяне нетыповая знешнасць: усё дзякуючы маці-татарцы і бацьку-ўкраінцу. Па шчырасці, у дзяцінстве я праз гэта пакутавала, бо дзеці часам бываюць вельмі жорсткімі і кажуць розныя дрэнныя словы… Толькі пасталеўшы, я зразумела, што мая знешнасць — гэта разынка, якая надае індывідуальнасць і шарм.
Я лічу сябе беларускай, гэта мая краіна. Тут жывуць мае самыя блізкія людзі, тут пахаваная мая матуля. Беларусы — вельмі добрыя, гасцінныя і працалюбівыя людзі. Калі б у мяне спыталі: «У чым адметнасць беларусаў, як нацыі?», я б адказала — у празе да прыгажосці. Прыгожых рэчаў, мясцін. Дастаткова паглядзець на помнікі архітэктуры і мастацтва, якія стварылі продкі беларусаў, на чысціню, што пануе на вуліцах гарадоў сёння, на прыгожа і стыльна апранутых людзей, якія шпацыруюць па іх, каб зразумець гэта.
Караткевіч — the best
Беларускую мову я вывучала толькі да 6 класа, пакуль не пераехала ў Калінінград. Калі зноў вярнулася ў Мінск і пайшла ў выпускны клас, мяне, зразумела, вызвалілі ад здачы экзаменаў па беларускай мове. Я не забыла яе, усё разумела, але з граматыкай былі сур’ёзныя праблемы, якія я не змагла б за год ліквідаваць. А вось літаратуру, геаграфію і гісторыю краіны я без праблем вывучала на беларускай мове. З тых часоў у мяне засталася любоў да творчасці Уладзіміра Караткевіча. «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі» дагэтуль не магу забыць. Я шмат чытаю, бо вельмі люблю гэтую справу. Нядаўна ўпершыню ў гісторыі Нобелеўскую прэмію па літаратуры атрымала наша суайчынніца Святлана Алексіевіч. Гэта вялікі гонар, таму хачу знайсці час і абавязкова бліжэй пазнаёміцца з яе творчасцю. Асабліва мяне цікавіць кніга «У вайны не жаночае аблічча». Тэма жанчын на вайне і іх змагання з абставінамі — цяжкая і трагічная, але яна сугучная мне.
«У спорце ўсё ў найлепшых традыцыях Галівуда: пасля пройгрышу цябе хутка забываюць»
Да Алімпіяды ў Рыа яшчэ шмат часу. Асноўны этап падрыхтоўкі пачнецца дзесьці ў сакавіку. А пакуль у нас з маім цудоўным трэнерам Наталляй Духновай базавы перыяд, калі мы выконваем чарнавую працу. Так бы мовіць, прамацваем глебу. Безумоўна, я настроеная рашуча, але пакуль шмат не думаю пра Алімпіяду, каб не загнаць сябе эмацыйна. Перамога на чэмпіянаце свету мяне вельмі ўзрушыла і дала новы імпульс для далейшай працы. Але ўнутры я зусім не змянілася: спадзяюся, такая ж сціплая, як і была да гэтага. А вось людзі на мяне рэагуюць крыху па-іншаму, асабліва спартоўцы. І мяне гэта крыху бянтэжыць: «Во-во, паглядзі — чэмпіёнка свету пайшла!», «О, я з ёю гарбату побач піў!». На што я не вытрымала і сказала: «Людзі, хопіць ужо, супакойцеся!» А на вуліцах мяне і цяпер рэдка пазнаюць…
Да перамог і паразаў я стаўлюся па-філасофску, бо добра ведаю, што ў спорце ўсё ў найлепшых традыцыях Галівуда: пасля пройгрышу цябе хутка забываюць.