Мінск прапануе дапамагчы ўрэгуляваць расійска-турэцкі канфлікт
А Лукашэнка гутарыў на гэты конт і з Пуціным, і з Эрдаганам.
03.01.2016 / 22:42
Беларусь гатовая прыкласці максімум намаганняў для ўрэгулявання расійска-турэцкага канфлікту, таксама як гэта робіцца і па Украіне. Пра гэта заявіў у эфіры беларускага тэлебачання (тэлеканала «Беларусь 1») міністр замежных спраў рэспублікі Уладзімір Макей.
president.gov.by
«Мы зацікаўлены ў тым, каб гэты канфлікт быў урэгуляваны як мага хутчэй», — сказаў ён. Паводле яго слоў, разам з тым, Мінск «не збіраецца навязваць пасрэдніцкія паслугі».
«Але мы зыходзім з таго, што ціск адзін на аднаго, санкцыі ў дачыненні да адзін аднаго — гэта не метад вырашэння праблем у міждзяржаўных адносінах. Мы гэта адчулі на сабе», - адзначыў міністр. Пры гэтым выказаў упэўненасць у тым, што канфлікт паміж Расіяй і Турцыяй рана ці позна ўдасца вырашыць.
Паводле яго слоў, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка меў размову з лідарамі Расіі і Турцыі, «выказваючы свой пункт гледжання».
«Але мы не можам прымусіць тыя ці іншыя бакі дзейнічаць так, як нам хацелася б», — адзначыў міністр.
Паводле яго слоў беларускі бок, мае права выказваць свой пункт гледжання. «А ўжо справа астатніх суб'ектаў, прыняць гэты пункт гледжання або не прыняць», — сказаў Уладзімір Макей.