У Швецыі знайшлі меркаваны пісталет, з якога забілі Улафа Пальме

28.12.2015 / 08:11

Незадоўга да 30-й гадавіны гучнага забойства шведскага прэм'ера Улафа Пальме ў шведскім Гётэборгу была выяўлена меркаваная зброя злачынцы, піша Expressen.

Магчымую прыладу забойства перадаў у паліцыю прафесар крыміналогіі Лейф Персан, які доўгі час займаецца абставінамі замаху 1986 года. Сам Персан атрымаў яго ад чалавека, які пажадаў захаваць ананімнасць.

Зараз у паліцыі праводзяць экспертызу рэвальвера «Магнум», аднак ужо вядома, што трапілыя ў Пальме кулі маглі быць выпушчаны з зброі гэтай мадэлі. Пры гэтым выданне адзначае, што самі кулі сур'ёзна дэфармаваны, і будзе вельмі складана знайсці доказы стральбы імі менавіта з гэтага рэвальвера.

Шведскі сацыял-дэмакрат Улаф Пальме, які займаў пасаду прэм'ер-міністра ў другі раз у сваёй кар'еры, быў забіты 28 лютага 1986 на цэнтральнай вуліцы Стакгольма Свеавэген, калі вяртаўся ўвечары з кіно разам з жонкай. Невядомы мужчына двойчы стрэліў у Пальме, а затым збег. Забойства не раскрытае да гэтага часу.

Па справе аб забойстве Пальме быў затрыманы і асуджаны на пажыццёвае зняволенне Крыстэр Петэрсан, аднак пазней яго адпусцілі з-за недахопу доказаў. Сам ён неаднаразова браў на сябе віну за забойства і адмаўляў яе.