Валянціна Аксак. Перагортваю год

28.12.2015 / 00:21

Пакровы

Аксамітнай далонькай
Красачка Ўнучка
рэтушуе аблічча
адстаўное красуні
Бабы Карготы.
Павуцінка ўчапілася
ў скроньку ядвабную,
дзьве незабудкі
дзівяцца бездані
зелянкавага неба,
якое схілілася
над дзіцячым вазком.

Багач

Адшукваю
на дне збуцьвелае
дэрматынавае валізкі
бялізну
часоў раньняга студэнцтва,
знаходжу
ў мамінай пасажнай шафе
спаднічку
эпохі Вудстоку,
здымаю з гарышча
апусьцелае бабінай хаты
вязаны
пры калысцы першынца
швэдрык,
шмарую тавотам ссохлыя
ў чаканьні лепшае долі
шлюбныя чаравікі.
Апранаюся ўрэшце.
І дзякую Богу,
што намовіў мяне
дапасаваць
уборы да твару –
пабагацець
на цэлы век.

Піліпаўка

Маці Божая ўвойдзе
ў Вострую Браму,
агледзіцца
й выбера месца сабе
на тыльнай сьцяне Ваяра.
Абое ня зрушацца з тронаў
да самае доўгае ночкі.
Застыне наўкольле.
Ня гойсацьме люд на банкеты.
Ня стынуцьме кроў
пад зьвярынаю поўсьцю
і птушак з'інелыя крылы
не скалеюць распростана
ў сьнежаньскім небе.
Шэсьць тыдняў чаканьня.
Хто народзіцца досьвіткам
найкарочшага дня?
Збаўца?
Збаўца нас ад граху першароднага.
А Яго
хто пазбавіць ад тых,
хто з расейскаю руляй
разгульвае вольна
ля Нотр Дам дэ Пары
і ў два крокі сягне
да нашае Вострае Брамы?
Ваяр на кані прыглядаецца.
Шэсьць тыдняў адведзена,
каб зразумець —
Дзіця пад прыцэлам
антыхрыста з «калашом».