МЗС: Лягічна, што КДБ заняўся журналістамі
У МЗС перакананыя, што некаторыя журналісты доўгі час на замежныя грошы «незаконна займаюцца журналісцкай дзейнасьцю». «Але, згадзіцеся, гэта ня робіць іх журналістамі замежных мэдыяў?!», – кажа М.Ваньшына.
27.03.2008 / 19:31
Кіраўніца ўпраўленьня інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына пракамэнтавала сёньняшнія падзеі зьвязаныя з ператрусамі ў офісах і кватэрах журналістаў «Радыё Рацыя», «Эўрапейскага радыё для Беларусі» і «Белсату».
Прадстаўніца МЗС нагадала, што для дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі карэспандэнтаў замежных СМІ патрэбная акрэдытацыя. Па яе словах, «добрасумленныя» журналісты пра гэта ведаюць. І каля 200 журналістаў маюць у нашай краіне акрэдытацыю.
У МЗС перакананыя, што некаторыя журналісты доўгі час на замежныя грошы «незаконна займаюцца журналісцкай дзейнасьцю».
«Але, згадзіцеся, гэта ня робіць іх журналістамі замежных мэдыяў?! Як казалі нашы мудрыя продкі: “ня кожны манах, што ў расе”», – кажа М.Ваньшына.
«Дарэчы, нелегальны характар дзейнасьці ўзгаданых асоб ніколі не хаваўся і іх замежнымі гаспадарамі, неаднакроць і наўпрост заяўляючы пра гэта ў прэсе. Сыходзячы з гэтага цалкам лягічна, што дадзенай сытуацыяй цяпер займаюцца адпаведныя структуры», – скончыла прадстаўніца МЗС.
Цягам сёньняшняга дня супрацоўнікі КДБ правялі дзесяткі вобшукаў у кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічалі з замежнымі СМІ.