Валянціна Лемцюгова. «Наша Ніва» і храналагічная мяжа сучаснасці беларускай літаратурнай мовы
Змяшчаем гэты артыкул па просьбе доктара філалагічных навук Валянціны Лемцюговай.
12.12.2015 / 12:14
Уступ ад аўтаркі. Абаронім Слоўнік
За 50 гадоў працы над рознымі тыпамі слоўнікаў я на ўласным вопыце спаўна адчула ўпарты нораў лексікаграфічнай навукі. Працэс стварэння слоўніка надзвычай працяглы і складаны. Яго аўтарам даводзіцца вырашаць не адну якую-небудзь праблему, а цэлы вузел праблем: лексікаграфічных, лексікалагічных, граматычных, этымалагічных, семантычных, сінтаксічных, правапісных, стылістычных. А гэта няпроста. Расійскі лінгвіст В.М. Сяргееў вельмі трапна заўважыў: «Няма, мусіць, ні адной такой кнігі, як слоўнік, якую б так цяжка было падрыхтаваць, з такой карысцю для сябе чытаць і так лёгка пры жаданні крытыкаваць».
На дзіва, апошнім часам запанавала зусім іншая думка пра слоўнік. Невядома чаму і з чыёй падачы з’явілася нейкае Палажэнне, згодна з якім слоўнік трапіў у катэгорыю другарадных прац, ненавуковых, нефундаментальных. У адной абойме аказалася ўся лексікаграфічная прадукцыя: слоўнікі шматтомныя і аднатомныя, тлумачальныя, перакладныя, агульнамоўныя, граматычныя, арфаграфічныя, словаўтваральныя і іншыя. З-за такой устаноўкі слоўнік не можа быць вылучаны на прэстыжную прэмію, а Фонд фундаментальных даследаванняў не знаходзіць падстаў, каб аказаць дастойную фінансавую падтрымку лексікаграфічным выданням.
Выключэннем не стала нават такое ўнікальнае шматтомнае выданне як «Слоўнік мовы «Нашай Нівы»», якое з’яўляецца часткай фундаментальнага навуковага комплекса «Мова «Нашай Нівы»». Комплекс складаецца з пяці слоўнікавых тамоў і трох манаграфій. У гісторыі беларускай лексікаграфіі «Слоўнік мовы «Нашай Нівы»» – выданне новага тыпу паводле рэестравага складу, структуры і зместу. Крыніца «Слоўніка» – штотыднёвік «Наша Ніва», па словах дацэнта кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ І.Э. Багдановіч, «стаўся эпохай адраджэння нацыянальнай мовы, культуры, літаратуры» (радыёпраграма «Нам дасталася спадчына»). Больш падрабязна пра веліч і знакавую сутнасць нашаніўскага адраджэнскага перыяду чытайце ў змешчаным ніжэй артыкуле.
Хіба можна было сачыняць дыскрымінацыйнае Палажэнне без уліку думкі пра слоўнік такіх неабвержных лінгвістычных аўтарытэтаў як Л.У. Шчэрба, Ф.П. Філін, М.Я. Каліновіч, А.М. Бабкін (чытайце іх выказванні ў тэксце артыкула – В.Л.)? Хіба можна было не прымаць пад увагу факт прысваення аўтарам шматтомнага «Словника украïнськоï мови» Дзяржаўнай прэміі СССР? Праца, якая не цягне на навуковасць і фундаментальнасць, не можа прэтэндаваць на такую высокую ўзнагароду.
Нам, беларусам, варта ўсур’ёз задумацца, чаму мы ў адрозненне ад іншых славянскіх народаў так лёгка абясцэньваем свае важнейшыя нацыянальныя каштоўнасці і тым самым саміх сябе. Кожны дасканала выкананы шматтомны слоўнік – гэта не толькі скарбніца моватворчасці народа, яго нацыянальнай культуры, але і духоўны арыенцір, гонар, годнасць, інтэлектуальны капітал нацыі.
Крытэрыем ацэнкі такой працы павінна быць не Палажэнне аб прыналежнасці да разраду слоўнікаў, а яе якасныя паказчыкі, яе каэфіцыент значнасці для навукі і практыкі.
Доктар філалагічных навук, прафесар В.П.Лемцюгова
ХРАНАЛАГІЧНАЯ МЯЖА СУЧАСНАСЦІ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРНАЙ МОВЫ
Беларуская лексікаграфія дасягнула той мяжы, калі востра паўстала патрэба ў перавыданні ўсёй яе пасляваеннай прадукцыі.
Ва ўсе часы галоўным, базавым быў і застаецца фундаментальны акадэмічны тлумачальны слоўнік, які адлюстроўвае стан лексікі нацыянальнай мовы на пэўным этапе яе развіцця і з’яўляецца ўніверсальным даведнікам па семантыцы слоў, граматыцы, стылістыцы, фразеалогіі і нарматыўнаму ўжыванню лексічнага складу мовы. Ф. П. Філін слушна назваў яго «ядром лексікаграфіі».
«Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў пяці тамах (1977 – 1984 гг.) унёс істотны ўклад у тэорыю і практыку лексікаграфічнай справы, адыграў важную ролю ў развіцці нацыянальнай і мовазнаўчай навукі, у навучальным і асветным працэсах. На яго базе падрыхтаваны аднатомны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996 г.), яго рэестр увайшоў у склад «Слоўніка беларускай мовы» (1987 г.). І ўсё ж, заняўшы пачэснае месца ў славянскай лексікаграфіі, пяцітомны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (у далейшым ТСБМ) паступова адыходзіць у гісторыю. Развіццё беларускай літаратурнай мовы, бесперапыннае ўзбагачэнне яе слоўнікавага фонду, далейшая кадыфікацыя на ўсіх моўных узроўнях ставяць на парадак дня пытанне пра стварэнне агульнанацыянальнага тлумачальнага слоўніка новага пакалення (прыкладна ў 12 – 15 тамах).
Патрэба ў новым тлумачальным слоўніку, які б ахопліваў усю агульнаўжывальную лексіку сучаснай літаратурнай мовы, найбольш ужывальныя фразеалагічныя звароты і тыповыя словаспалучэнні, узнікла невыпадкова.
Рэестр ТСБМ у 5 тамах у многім ужо не адпавядае сучаснаму стану лексіка-фразеалагічнага складу беларускай мовы, паколькі ён ствараўся на матэрыяле пісьмовых крыніц 60 – 70-х гг. ХХ ст. За апошнія ж дзесяцігоддзі ў сувязі са зменамі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны слоўнікавы склад беларускай мовы прыкметна папоўніўся новымі словамі, тэрмінамі, сінтаксічнымі канструкцыямі, якія пакуль што ў поўным аб’ёме не зарэгістраваны і прафесійна не ацэнены. Сучасны агульнамоўны тлумачальны слоўнік павінен арыентавацца на максімальна поўнае адлюстраванне жывога, актуальнага, рэальна існуючага лексічнага інвентару. У ім мусіць быць задзейнічаны ўвесь вопыт, усе рэсурсы і набыткі ў галіне мовы розных пакаленняў.
Істотнага папаўнення і абнаўлення патрабуе ўся тэкставая база ТСБМ. Змены ў лексічным складзе абавязкова цягнуць за сабой змены ў семантычных значэннях слоў, у сістэмных сувязях і адносінах лексікі.
ТСБМ значна адстае ад сучаснай тэорыі лексікаграфіі і мае патрэбу ў абнаўленні яго лінгвістычнай і навукова-метадычнай асновы. У абнаўленні, якое азнаменавала б пераход ад эмпірычнага ўзроўню апісання слоўнікавага складу нацыянальнай мовы да разгляду слоў у іх узаемасувязі, да навуковых крытэрыяў даследавання лексічнай сістэмы мовы.
Фундаментальны тлумачальны слоўнік – гэта не проста механічны збор слоў, а шматпланавая навуковая праца, якая фіксуе перадавую думку эпохі, сучасныя ідэі, а таксама ўзровень развіцця грамадства і яго літаратурнай мовы.
Складанасць працы над такім слоўнікам не толькі ў аб’ёме ўключанай у яго лексікі, але і ў шматграннасці слова – галоўнага аб’екта лексікаграфіі, у сінтэтычнасці лексікаграфічнай працы, у якой, як у фокусе, сыходзяцца праблемы самых розных галін мовазнаўства. Калектыву вучоных, якія распрацоўваюць канцэпцыю слоўніка, яго асноўныя тэарэтычныя палажэнні, даводзіцца займацца не толькі пытаннямі лексікаграфіі і лексікалогіі, але і пытаннямі іншых раздзелаў навукі пра мову: семантыкай, фанетыкай, фаналогіяй, марфалогіяй, сінтаксісам, стылістыкай. В. У. Вінаградаў, напрыклад, не ўяўляў сабе працу над слоўнікам без устанаўлення і кадыфікацыі арфаграфічных, граматычных, лексічных і стылістычных нормаў літаратурнай мовы [3, с. 4]. Тым не менш, слоўнік разлічаны на масавага чытача, адрасуецца шырокай грамадскасці, а таму вельмі важна зрабіць яго агульнадаступным, пабудаваным такім чынам, каб кожны чытач мог свабодна ў ім арыентавацца і атрымліваць патрэбную інфармацыю. Напэўна, з-за прастаты будовы і агульнадаступнасці лексікаграфічныя працы нярэдка кваліфікуюцца як прадукцыя выключна практычнага, прыкладнога характару. Супраць такога спрошчанага разумення лексікаграфіі рашуча выступіў Л. У. Шчэрба: «Я лічу ў корані няправільным тое зняважлівае стаўленне нашых кваліфікаваных лінгвістаў да слоўнікавай працы, якое з’яўляецца вынікам таго, што амаль ніхто з іх ніколі ёю не займаўся (у старыя часы гэта за грашы рабілі выпадковыя аматары, якія не мелі ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі), праз што яна здабыла нават такую бязглуздую назву – «укладанне» слоўнікаў. Ды і сапраўды, і нашы лінгвісты, а тым больш нашы «укладальнікі» слоўнікаў не заўважылі, што гэтая праца павінна мець навуковы характар – і ніяк не зводзіцца да механічнага супастаўлення якіх-небудзь гатовых элементаў» [6, с. 308]. У абарону навуковасці лексікаграфічнай працы не раз выказваўся і акадэмік Украінскай акадэміі навук М. Я. Каліновіч, які сам актыўна спрычыніўся да слоўнікавай справы і меў пра яе сутнасць зусім канкрэтнае ўяўленне. «У нас, нават у навуковых колах, пашыраны ў корані няправільныя ўяўленні пра характар лексікаграфічнай працы, – пісаў ён. – Мне самому не раз даводзілася чуць зняважлівае выказванне, як быццам гэтая праца настолькі аўтаматычная, настолькі рамесніцкая, што яе не варта прызнаваць за навуковую» [4, с. 19]. Рускі вучоны з вялікім лексікаграфічным вопытам А. М. Бабкін цвёрда перакананы, што нельга стварыць добры слоўнік без тэарэтычнага асэнсавання асноўных для яго задумы пытанняў [1, с. 279].
Наогул жа, як слушна заўважыў Ф. П. Філін, «паміж тэорыяй і практыкай, якія ўзаемна пераплятаюцца, далёка не заўсёды можна правесці дакладную мяжу, асэнсаванне моўнай практыкі – найважнейшы аб’ект тэарэтычнай лінгвістыкі» [5, с. 11]. У найбольшай ступені гэта датычыць лексікаграфіі, у якой, як ні ў адной іншай галіне мовазнаўства, арганічна спалучаны і ўзаемна абумоўлены тэорыя і практыка. Несумненна, пры ацэнцы вартасці слоўніка найперш звяртаецца ўвага на тое, на якіх тэарэтычных асновах ён ствараўся, наколькі сур’ёзным укладам у развіццё тэорыі лексікаграфіі ён з’яўляецца. Разам з тым рашэнне многіх пытанняў сучаснай лексікаграфіі заснавана на вывучэнні і абагульненні вопыту практычнай працы над слоўнікамі. I гэта зусім правамерна.
Адпраўным пунктам любога тлумачальнага слоўніка з’яўляецца вызначэнне храналагічных межаў паняцця сучаснасці яго лексічнага складу. У адносінах да кожнай асобна ўзятай літаратурнай мовы яны могуць быць розныя, зыходзячы з пэўнага гістарычна знакавага перыяду ў яе развіцці. Напрыклад, за храналагічную мяжу сучаснасці ва ўсіх тлумачальных слоўніках рускай мовы прыняты перыяд ад А. С. Пушкіна да нашых дзён. Сямнаццацітомны «Словарь современного русского литературного языка» (Л., 1950 – 1965 гг.) ствараўся на базе картатэкі, матэрыялы якой датуюцца 1886 г. – 40 – 50-мі гг. ХХ ст. Заснавальнікам рускай літаратурнай мовы прызнаны А. С. Пушкін. А чаму не М. В. Ламаносаў, не Г. Р. Дзяржавін, не М. М. Карамзін, у якіх таксама нямала заслуг у справе развіцця рускай літаратурнай мовы? Таму што, на думку Р. А. Будагава, з прыходам А. С. Пушкіна ў рускую літаратуру адбываецца пералом, якасны скачок у развіцці рускай літаратурнай мовы [2, c. 13]. А. С. Пушкін унёс у рускую літаратурную мову сталы прынцып народнасці, заклаўшы гэтым самым фундамент новага этапу развіцця рускай мовы. Перыяд сучаснасці ўкраінскай літаратурнай мовы храналагічна больш працяглы – з канца XVIII ст. і да нашых дзён. Фактычна ад І. П. Катлярэўскага, які ў сваіх творах адкрыў зялёную вуліцу жывой народнай мове і заснаваў шэраг тэндэнцый, што вызначылі новыя кірункі развіцця ўкраінскай літаратурнай мовы на некалькі дзесяцігоддзяў наперад. Рубеж сучаснасці сербскай мовы пачынаецца ад вядомага дзеяча нацыянальнага адраджэння першай паловы ХІХ ст. В. Караджыча, які ажыццявіў рэформу сербскай літаратурнай мовы на аснове народных гаворак, склаў яе граматыку і слоўнік. Звычайна ў прадмове да фундаментальнай лексікаграфічнай працы ўказваецца зыходны рубеж адліку сучаснасці лексікі, уведзенай у слоўнік.
А як жа пытанне храналагічных межаў сучаснасці вызначалася ў ТСБМ? З «Прадмовы» вынікае, што яго рэестр складаецца з агульнаўжывальнай лексікі і фразеалогіі беларускай мовы ХХ ст. Аднак спіс выкарыстаных у слоўніку крыніц уключае толькі публікацыі 1951 – 1976 гг. Выходзіць, што слоўнік фіксуе лексіку і фразеалогію далёка не ўсяго стагоддзя. З яго складу цалкам выпаў перыяд беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст., перыяд афіцыйнага вяртання нашай мове пісьменнасці. Па-за слоўнікам засталіся таксама лексіка і фразеалогія 90-х гг. ХХ ст., калі ў беларускую мову хлынуў паток навізны самага рознага кшталту, якія да гэтага часу не атрымалі належнай навуковай ацэнкі. Тады дзе ж мяжа сучаснасці нашай літаратурнай мовы? На які перыяд прыпадае той якасны скачок, у выніку якога яна набыла яркае нацыянальнае аблічча і шырокае грамадскае гучанне?
У працэсе развіцця беларускай літаратурнай мовы асабліва адметным і выніковым, несумненна, быў нашаніўскі перыяд. Больш за сто гадоў таму (10/23 лістапада 1906 г.) у Вільні ў друкарні М. Кухты пад рэдакцыяй З. Вольскага выйшаў у свет першы нумар штотыднёвай грамадска-палітычнай, літаратурна-мастацкай і навукова-папулярнай беларускай газеты «Наша Ніва». У гісторыю яна ўвайшла як унікальная, беспрэцэдэнтная з’ява ў славянскім свеце, як сімвал нацыянальнага адраджэння, як адна з тых гістарычных вехаў, якімі пазначаны шлях беларускай духоўнасці.
Гэтыя ганаровыя тытулы «Наша Ніва» здабыла сабе тым, што на ўсім працягу свайго існавання самааддана служыла справе адраджэння беларускага народа, намагалася ажывіць яго нацыянальнае самапачуццё, разбудзіць у ім цікавасць і любоў да роднага слова, сваёй культурнай і гістарычнай спадчыны. Тым самым крок за крокам яна вяла беларусаў да ўсведамлення сваёй нацыянальнай годнасці і значнасці ў свеце агульначалавечых каштоўнасцей. Прадстаўнікі розных славянскіх народаў шчыра віталі з’яўленне газеты «Наша Ніва», бо добра ўсведамлялі, што «развіцьце ешчэ аднэй національнай душы – гэта аграмадны дар і скарб для ўсеславянскай і ўсесьветнай людзской культуры» («Наша Ніва». – 1910. – № 27).
Нязменнымі аўтарамі «Нашай Нівы» былі такія выдатныя майстры слова, як Ядвігін Ш., Карусь Каганец, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Цішка Гартны, Максім Гарэцкі і шмат іншых. Толькі за тры гады (1907 – 1909 гг.) у газеце былі змешчаны творы каля ста беларускіх паэтаў і празаікаў. Праз рубрыкі «Пачтовая скрынка», «Пытання і атказы», «Листы да рэдакции», «Ад рэдакции» «Наша Ніва» рэгулярна падтрымлівала сувязі са сваімі карэспандэнтамі. Ад іх у рэдакцыю паступала самая розная інфармацыя, на якую калектыў газеты жыва рэагаваў і спраўна адгукаўся. Такая актыўная дзейнасць і надзвычай зацікаўленая ўніклівасць у справы сваіх чытачоў, гатоўнасць падтрымаць іх і словам, і справай надавалі моц і гонар газеце, павышалі аўтарытэт беларускага нацыянальнага адраджэння.
Асаблівая роля ў адраджэнскім працэсе адводзілася роднай мове. «Калі мы паставілі сабе за мэту – адрадзіць наш народ на національнай глебе, то нам у першую чэраду трэба адрадзіць сваю мову, – пісаў пісьменнік і публіцыст С. Палуян. – Толькі тады ў нас будзе якоесь асобнае національнае жыцьцё, бо асобная мова – гэта і ёсць форма національнай асобнасці» («Наша Ніва». – 1909. – № 35). Але менавіта на шляху адраджэння мовы паўставала найбольш перашкод. Яе абражалі, бэсцілі, прыніжалі. Праціўнікі беларускага адраджэння ўсяляк імкнуліся зганьбіць адраджэнскі рух у вачах народа, дзеля чаго распускалі самыя гнусныя выдумкі. Напрыклад, людзям даводзілі, што «мовы беларускай саўсім німа, а ёсць толькі нейкая мешаніна слоў польскіх і рускіх без ніякага звязку» («Наша Ніва». – 1909. – № 39). А газета «Крестьянін» адкрыта заклікала: «Кіньце, беларусы, вашу брыдкую і нягодную мову! Ужываць яе можна толькі ў хаце, ды ў хляву – пры скаціне, а меж людзей з ёю ня суньцеся! Вы ўсе павінны гаварыць і вучыцца толькі па расейску, павінны стаць рускімі, адрокшыся ад усяго роднаго…» («Наша Ніва». – 1909. – № 3).
Тым часам з Думы даносіліся трывожныя весткі: дэпутаты прагаласавалі за праект Закона, які пазбаўляў беларусаў права вучыцца на роднай мове. І самым крыўдным было тое, што «дванадцаці народам у Расейскім гасударстві Дума прызнала право вучыцца ў роднай мове у пачатковых школах: палякам, літвіном, немцам, татарам, эстонцам, латышам, армянам, чэхам, грузінам, буратам, калмыкам і жыдом, а беларусаў у гэтым ліку не аказалася» («Наша Ніва». – 1910. – № 47). Як і раней, беларуская мова не мела доступу ў дзяржаўнае справаводства, у дзяржаўныя і царкоўна-прыходскія школы. Чыноўнікі, прыхільнікі абрусення, усяляк імкнуліся перакрыць шлях беларускаму друкаванаму слову да шырокіх колаў насельніцтва. З гэтай мэтай рассылаліся цыркуляры да настаўнікаў і святароў, каб тыя «не пускалі газеты ў вёску, каб і самі не выпісвалі. Па мястэчках, па вёсках паліцыя без ніякай прычыны адбірала беларускія кніжкі, хаця ў іх было напісана, як вырабляць зямлю і садзіць бульбу» («Наша Ніва». – 1914. – № 17). Усё яшчэ адчувалася афіцыйная русіфікатарская палітыка, пэўны разлад уносілі і польскія нацыяналісты, якія ўсяляк пераманьвалі на свой бок беларусаў каталіцкага веравызнання. Духоўныя каталіцкія айцы сцвярджалі «бытцам каталіцтво – гэта польская вера, праваслаўе – расейская («руская»), і прыродных беларусоў запісывалі павэдлуг рэлігіі то ў палякі, то ў рускіе» («Наша Ніва». – 1910. – № 47).
«Наша Ніва» займала цвёрдую пазіцыю ў адносінах да ўсіх тых, хто з пагардай або адкрытай варожасцю ставіўся да беларускай справы. Яна паслядоўна праводзіла думку, што беларуская мова не з’яўляецца дыялектам ні адной са славянскіх моў, што гэта мова самабытная, самастойная, прыдатная для ўсіх функцыянальных стыляў. На старонках «Нашай Нівы» рэгулярна выкрываліся непрыстойныя намеры і дзеянні прадстаўнікоў улады, Дзярждумы, прэсы, за што яе рэдактару А. Уласаву не раз даводзілася трымаць адказ у судзе, у прыватнасці, за «Беларускі Смык» і «Беларускую Дудку». А за артыкул «Дума і народ» («Наша Ніва». – 1907. – № 8) ён нават правёў пэўны час за кратамі. На горкія крыўды і знявагі беларускага народа і яго мовы гнеўна адгукнуўся сваім вершам «Ворагам беларушчыны» Янка Купала («Наша Ніва». – 1908. – № 12).
Нязменным клопатам нашаніўцаў была справа асветы на Беларусі. Сваю важнейшую задачу яны бачылі ў тым, каб зрабіць беларуса нацыянальна свядомым і пісьменным: «Наша Нива» идзе на помач цемнаму беларусу – хочэ паказаць яму, што и йон ня горшы за других людзей; хочэ закинуць у яго загнаную душу зерне прауды и сьвету, жаданне лепшаго жыцця, дый выкликаць да работы яго дрэмлючы розум… «Наша Нива» гаворыць да яго у роднай яго мове, каб йон лепш разумеу усйо, каб ведау, што яго мова, як и усякая другая, йосць мова чалавека, на каторую йон мае сьвятое права» («Наша Ніва». – 1907. – № 33). У газеце рэгулярна змяшчаліся заклікі да ўрада паўсюдна адкрываць пачатковыя школы, каб навучыць беларускіх дзетак чытаць і пісаць. У шэрагу артыкулаў згадваўся станоўчы вопыт арганізацыі навучання на Украіне, у Францыі, Англіі, Бельгіі ў надзеі пабудзіць да добрай і карыснай справы тагачасных чыноўнікаў. Як пра знамянальную падзею «Наша Ніва» пісала пра адкрыццё ў снежні 1908 г. у Вільні Беларускага таварыства «Наша хата», мэтай якога было «надрукаваць па-беларуску кніжкі, патрэбные до пачатковай навукі ў беларускай мове»(«Наша Ніва». – 1908. – № 26; 1909. – № 4).
Але, нягледзячы ні на што, працэс адраджэння мовы шырыўся і набіраў тэмпы. На старонках «Нашай Нівы» імкліва нараджалася, набывала вагу і аўтарытэт новая беларуская пісьменнасць, фарміравалася якасна новая беларуская літаратурная мова на базе і па законах жывой народнай мовы. Гэтым самым закладваліся яе нацыянальныя асновы, семантычныя, стылістычныя, граматычныя і фанетыка-арфаграфічныя асаблівасці.
Такім чынам, «Наша Ніва» – гэта не эпізадычная з’ява, а самабытнае, этапнае выданне, з якім звязаны пачатак новага перыяду ў гісторыі беларускай пісьменнасці. Менавіта нашаніўцы сто гадоў таму смела і рашуча павярнулі нацыянальную мову да народных вытокаў, распачалі этап аднаўлення і напрацоўкі ўсяго таго, што вылучае яе як самабытную індывідуальнасць сярод іншых культурна-сталых моў свету.
Нашаніўскі перыяд храналагічна кароткі, але надзвычай важны і выніковы ў гісторыі развіцця беларускай мовы. Гэта перыяд, на які прыпала выпрабаванне нашай мовы на жыццяздольнасць, станаўленне яе лексічнага складу, нацыянальных нормаў, структурна-функцыянальных стыляў і іншых характэрных яе асаблівасцей.
«Наша Ніва» падсумавала ўсё найбольш істотнае ў беларускай нацыянальнай традыцыі і заклала трывалы падмурак беларускай літаратурнай мовы на жывой народнай аснове, акрэсліла шэраг тэндэнцый, якія вызначылі шляхі яе далейшага развіцця.
Думаецца, што ўсё сказанае вышэй дае падставы прызнаць за храналагічную мяжу сучаснасці беларускай літаратурнай мовы менавіта перыяд беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст., перыяд знакавы і самы дзейсны ў гісторыі развіцця і станаўлення беларускай нацыянальнай мовы.
Літаратура
1. Бабкин, А. М. Лексикография / А. М. Бабкин // Теоретические проблемы советского языкознания / под ред. Ф. П. Филина. – М., 1968. – С. 278 – 286.
2. Будагов, Р. А. Толковые словари в национальной культуре народов / Р. А. Будагов. – М.: Изд. Моск. ун-та, 1989. – 151 с.
4. Виноградов, В. В. Про перспективи розвитку родянської лексикографії / В. В. Виноградов // Лексикографічний бюллетень / Акад. Наук УРСР, Ін-т мовознавства; редкол.: І. М. Кириченко [і ін.]. – Київ,1952. – Вип. 2. – С. 3 – 8.
5. Калинович, М. Я. Новий російсько-український словник АН УРСР / М. Я. Калинович // Наукові записки / Акад. наук УРСР Ін-т мовознавства; редкол.: Л. А. Булаховскій [і ін.]. – Київ, 1946. – Т. ІІ – ІІІ. – С. 18 – 29.
8. Филин, Ф. П. Изучение русского языка на современном этапе / Ф. П. Филин // Русская речь. – 1976. – № 1. – С. 3 – 17.
11. Щерба, Л. В. Языковая система и речевая деятельность / Л. В. Щерба. – Л.: Наука, 1974. – 428 с.
(друкуецца па: Весці НАН Беларусі. — 2012. — №3. — С.115 — 119)