Дар’я Кастэнка: Дары каралёў
21.11.2015 / 09:48
Нядаўна бацькі майго мужа пераехалі ў Ізраіль.
Людзі ва ўзросце каля 60 гадоў узняліся з месца, спакавалі пажыткі — і паляцелі ў краіну, дзе ім трэба вучыць мову, шукаць, дзе найбліжэйшы супермаркет, і разбірацца, як плаціць за святло і ваду.
Але я крыху не пра гэта.
Калі яны прыляцелі, у першы ж вечар яны ўручылі нам падарункі: цяльняшкі з надпісам «Адэса», упрыгажэнні для мяне, усялякую дробязь.
Нам — дарослым айцішнікам, якія жывуць у Ізраілі, яны, пенсіянеры, якія прыляцелі з Украіны, — прывезлі падарункі.
На Новы год да нас яшчэ прыляціць і мая мама — з Крыма, дурным маршрутам праз Маскву: больш за тысячу кіламетраў на поўнач, потым 2,6 тысячы кіламетраў на поўдзень.
І вось яна пытаецца: дзеці, я зварыла варэння з персікаў, вам прывезці пару слоікаў?
За тры з гакам тысячы кіламетраў яна гатовая везці гэтыя пару слоікаў, у багажы, дзе падлік вагі да грама, і нават не праз патрабаванні авіякампаніі, а таму што ў яе баліць спіна.
Пакаленне нашых бацькоў можна лаяць за многае, але ёсць у іх адна кранальная рыса: яны горача хочуць даць дзецям усё, што могуць. Усё, што ў іх ёсць: ад слоіка персікавага варэння да грошай на куплю кватэры. Напакаваць сыну-студэнту сумку прадуктамі, падкінуць дарослай дачцэ да Новага года мех бульбы і паўкабана, 20 гадоў стаяць у чарзе на кватэру, каб падарыць яе дзецям.
Гэта жаданне можа разрасціся да выродлівых маштабаў — і тады маленькіх дзяцей закормліваюць да расстройства жывата, а дарослых абібокаў утрымліваюць на сціплую пенсію, адмаўляючы сабе ва ўсім, акрамя хлеба, вады і адзення з сэканда.
Але ў нармальных рамках — гэта альтруізм чысты, кранальны і годны вялікай павагі.
У свеце не так шмат людзей, якія хочуць заўсёды нам дапамагаць, таму што вельмі нас любяць.
І не трэба хіхікаць са слоіка варэння і прасмаленага шчаціністага паўкабанчыка, нават калі вы ўжо выраслі і зарабляеце столькі, што можаце купіць сабе ўсё варэнне ў свеце.
ГЭТАГА варэння вы ўсё роўна не купіце ні за якія грошы. Яно салодкае, як у дзяцінстве, дзе здымаюць пенку з чароўнага варыва ў медным тазе.
Прыміце гэтыя дары вешчуноў.
З удзячнасцю і захапленнем.
* * *
Дар’я Кастэнка — беларуска, якая разам з мужам эмігравала ў Ізраіль з Расіі, пасля таго як Расія распачала вайну ва Украіне. Жыве ў Хайфе. Дар’я вядомая па гульні «Што? Дзе? Калі?». Яна стала знакамітая таксама сваім дзённікам з Плошчы-2006.