Дыету для падаўжэння жыцця распрацавалі канадскія медыкі
Медыкі рэкамендуюць есці арэхі, сою, бабы і клятчатку.
15.11.2015 / 11:04
Фота: Getty Images
Канадскія медыкі з цэнтра Risk Factor Modification у шпіталі Сэнт-Майкла стварылі спецыяльную дыету для прафілактыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў і падаўжэння жыцця, піша The Daily Mail. Дэталёвыя вынікі даследавання апублікаваныя ў Nutrition, Metabolism and Cardiovascular Disease.
Аснова прапанаванай сістэмы харчавання грунтуецца на спалучэнні прадуктаў, антыхалестэрынавы эфект якіх у комплексе можа знізіць рызыку ўзнікнення і развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў.
У прыватнасці, пацыентам рэкамендуецца есці арэхі, соевы бялок, ячмень, авёс, а таксама алей, бабы і гародніну, асабліва — баклажаны.
Паводле аўтара даследавання Дэвіда Джэнкінса, уся дыета павінна ўтрымліваць нізкую колькасць тлушчаў і солі, але — шмат клятчаткі.
У сутачным рацыёне павінна быць ад 2 грам раслінных стэрынаў і станолаў (збожжа, гародніна і садавіна), 30 грам арэхаў, 50 грам соевых прадуктаў і ад 20 грам растваральных харчовых валокнаў.
У ходзе даследаванняў медыкі выявілі, што камбінацыя дадзеных прадуктаў, акрамя зніжэння ўзроўню халестэрыну, здольная знізіць на 2% рызыку развіцця павышанага артэрыяльнага ціску.