Усевалад Сцебурака: Чакаем Алеся Юркойця
16.11.2015 / 08:28
Вось ужо паўгода вядомы краязнаўца з Астравеччыны Алесь Юркойць знаходзіцца пад следствам у мінскім СІЗА. Ён мытнік. А чарговая справа мытнікаў, па якой затрымана больш за 20 чалавек, праходзіць пад покрывам абсалютнай сакрэтнасці. Сваякі не маюць звестак пра ход следства…
У Беларусі заўсёды хапала таленавітых людзей: пісьменнікаў, музыкаў, навукоўцаў. Каго бракавала, дык гэта асобаў, здольных усіх арганізаваць, аб’яднаць і скіраваць на карысць беларушчыны.
Мала тых, хто, не спадзеючыся ні на матэрыяльныя выгады, ні на славу, ні нават на словы ўдзячнасці, станавіліся ініцыятараміарганізатарамі-мецэнатамі ў адной асобе, такімі рухавікамі беларускасці.
Такім чалавекам быў, ёсць і, веру, будзе ўраджэнец Нальшчан Алесь Юркойць.
Нарадзіўся ў простай сям’і, скончыў БДУ. Нястомна займаўся самаадукацыяй. Не прапускаў ніводнай беларускай кнігі — гісторыя, этнаграфія, музыка, мова. Жывучы ў вёсцы Варняны, дзе і кнігарні не было, ён сабраў зайздросную бібліятэку, часам толькі дзеля яе папаўнення выпраўляючыся ў Мінск, Гродна, Вільню.
Як і кнігі, ён любіў і ўмеў знаходзіць цікавых людзей. І не важна, была гэта стагадовая бабця, сведка высадкі Філістовіча, беларускі ксёндз з суседняй парафіі са зборам рэдкіх кніжак ці пісьменнік-класік. Вакол Юркойця паступова склаўся вялікі беларускі клуб — адкрыты для ўсіх.
Пералік імпрэзаў, што зладзіў Алесь, заняў бы не адну старонку і зрабіў бы гонар сур’ёзнай грамадскай арганізацыі. Юркойць рабіў гэта на энтузіязме. Яго пазітыўнасць і напор рабілі немагчымае.
Ён удзельнічаў у аднаўленні пад’ёмнага мастка і рэстаўрацыі вежы сядзібнага комплексу Абрамовічаў, якія цяпер сталіся візітоўкай Астраўца.
Ён прывозіў на Астравеччыну дзясяткі літаратараў, спевакоў. Раённы гарадок бачыў людзей, выступы якіх зрабілі б гонар сталічным пляцоўкам.
На рахунку Алеся быў першы літаратурны астравецкі слэм, фотавыставы, краязнаўчыя чытанні.
На мастацкія плэнэры збіраліся мастакі з Беларусі, Літвы, Польшчы. У Астравец з’ехаўся дзясятак скульптараў. Яны пакінулі свае працы ў падарунак гораду!
Сярод імёнаў, якія ён адкрыў, быў брат Казіміра Сваяка Альбін Стаповіч. У 2004 годзе ў яго роднай вёсцы Барані адбыліся чытанні, прысвечаныя гэтай асобе, і адкрытая мемарыяльная шыльда.
У 2002 годзе Алесь быў адным з арганізатараў міжнародных чытанняў, прысвечаных дыпламату, стваральніку першага рускаяпонскага слоўніка Іосіфу Гашкевічу.
Нават калі дачок у Алеся стала трое, ён працягваў нараджаць і праводзіць у жыццё ідэі. Вазіў бясплатныя экскурсіі па Астравеччыне. Арганізаваў моўныя курсы «Мова нанова». Ставіў помнікі!
А што цяпер? Чалавек больш за паўгода правёў за кратамі. Скупыя лісты, бездапаможнасць адвакатаў і цішыня ў эфіры. Не маем ніякай інфармацыі, каб меркаваць аб прычынах, стане і перспектывах ягонай справы.
Што б ні было, ведаючы Алеся Юркойця, я ўпэўнены, што ён не злодзей і не злачынца. На такіх, як ён, трымаецца Беларусь. Веру, што справядлівасць станецца і Юркойць зможа зноў працаваць.