Японцы стварылі «сталёвае» шкло
Дысплеі смартфонаў нарэшце стануць трывалымі.
03.11.2015 / 17:15
Японскія навукоўцы стварылі шкло, якое па трываласці не саступае сталі, паведамляе International Business Times.
Спецыялісты універсітэта Токіо пры вырабе шкла павялічылі колькасць аксіду алюмінія, які адказвае за трываласць матэрыялу. Раней павялічыць колькасць аксіду алюмінія не ўдавалася — сумесь пачынала крышталізавацца ў ходзе працэсу ў кантэйнеры. Таму навукоўцы вырашылі выключыць кантакт сумесі з кантэйнерам. Акрамя таго, вытворчасць шкла праходзіла ў спецыяльнай печы.
У выніку навукоўцы атрымалі празрыстае і тонкае шкло, удвая больш трывалае, чым звычайна.
Распрацаваны матэрыял зможа зрабіць шкляныя будынкі больш устойлівымі, звышмоцнае шкло ў аўтамабілях абароніць ад негатыўных наступстваў сутыкненняў, а тэлефоны нарэшце атрымаюць небіткі дысплей.
Навукоўцы прагназуюць, што прадукты на аснове трывалага шкла паступяць у продаж цягам найбліжэйшых пяці гадоў.