Дэвід Крэймэр: Паслу Ст’юарт фактычна далі 24 гадзіны
Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека — пра эканамічныя санкцыі, адкліканьне паслоў і ўмовы, якія ставілі Казуліну.
15.03.2008 / 00:25
Карэспандэнт: Ці азначала тлумачэньне міністэрства фінансаў ЗША, зробленае 6 сакавіка 2008 году, пашырэньне санкцый адносна “Белнафтахіму”, уведзеных урадам ЗША 13 лістапада 2007 году?
Крэймэр: 6 сакавіка казначэйства ЗША абнародавала тлумачэньне існуючых санкцый, і выглядае, што ўрад Беларусі ўспрыняў гэта, як дадатковыя санкцыі. Як хто на гэта глядзіць, я мяркую. Калі Беларусь хоча інтэрпрэтаваць гэта такім чынам, яна так і будзе гэта інтэрпрэтаваць.
Гэта не былі новаўведзенныя санкцыі, гэта было тлумачэньне тых санкцый, якія былі ўведзеныя раней.
Мэта гэтых санкцый – паказаць, што ЗША сур’ёзна ставяцца да свайго закліку да беларускіх уладаў вызваліць усіх палітычных вязьняў.
Карэспандэнт: Першай рэакцыяй прэсавага сакратара дзярждэпартамэнту Томаса Кэйсі была заява, што амбасадарка Ст’юарт, зразумела, пакіне Беларусь, калі беларускія ўлады ня хочуць яе бачыць. Потым ён заявіў, што пасол застанецца ў Беларусі, пакуль Вашынгтон будзе вывучаць сытуацыю, а 12 сакавіка спадарыня Ст’юарт заявіла, што ўсё ж паедзе ў Вашынгтон. Чым абумоўлена тое, што пасол ЗША пакінула Беларусь не адразу пасьля таго, як ёй гэта параілі беларускія ўлады?
Крэймэр: Калі ўрад Беларусі праінфармаваў нас пра сваё рашэньне, была ўжытая фармулёўка: «Мы настойліва рэкамэндуем, каб пасол Ст’юарт была выкліканая на кансультацыі ў Вашынгтон».
Яны таксама адклікалі свайго пасла, гэта цалкам было рашэньне беларускага боку. Мы зусім не вытуралі пасла Хваcтова, ён заўсёды быў пажаданай асобай у нас. Паміж намі былі шматлікія добразычлівыя гутаркі на працягу многіх гадоў.
Спачатку мы палічылі іх дэмарш рэкамэндацыяй, паколькі яны ўжылі такое слова. Мы не разглядалі іх як патрабаваньне ці ўльтыматум.
Але ў аўторак мы даведаліся, што яны мелі на ўвазе, што гэта быў фактычна ўльтыматум. Паслу Ст’юарт фактычна далі 24 гадзіны, каб паехаць у Вашынгтон па кансультацыі. У выпадку адмовы яна была б абвешчаная persona non grata.
І мы палічылі, што ня варта ствараць эскаляцыю канфлікту. Мы адклікалі яе на кансультацыі, каб прадухіліць вельмі драматычны крок, які беларускі бок мог бы зрабіць.
Мы спадзяемся, што і спадар Хвастоў, і спадарыня Ст’юарт вернуцца ў краіны знаходжаньня як мага хутчэй. Таксама мы маем надзею, што ўрад Беларусі вызваліць Аляксандра Казуліна як мага хутчэй, каб мы маглі распачаць канструктыўны дыялёг з гэтым урадам. Мы ня будзем весьці дыялёг з гэтай краінай, пакуль Казулін будзе заставацца ў турме. Але калі ён будзе вызвалены, і гэта мінімальная ўмова, то Злучаныя Штаты шчыра гатовыя распачаць дыялёг наконт пазытыўнага шляху наперад, каб былі далейшыя крокі на шляху лібэралізацыі ў Беларусі, у абмен за пазытыўны водгук з боку ЗША.
Я ведаю з маіх кансультацый з саюзьнікамі ў Эўрасаюзе сёньня ў Брусэлі, што Эўрасаюз у выпадку вызваленьня Казуліна таксама будзе дзейнічаць такім жа чынам.
Карэспандэнт: У інтэрвію беларускаму агенцтву БелаПАН Вы заявілі, што мэтай увядзеньня санкцый адносна Беларусі было нежаданьне беларускіх уладаў вызваліць Аляксандра Казуліна. У студзені адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з паслом Нямеччыны Гэбхардам Вайсам, падчас якой, як паведамляецца, абмяркоўвалася праблема вызваленьня Казуліна. У лютым міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў правёў перамовы ў Бэрліне з кіраўніцтвам нямецкага МЗС. Наколькі ўзгодненыя высілкі па вызваленьні Казуліна паміж Вашынгтонам і Бэрлінам?
Крэймэр: Безумоўна, мы каардынавалі высілкі і кансультаваліся з усімі нашымі саюзьнікамі, у тым ліку і зь немцамі. І мы, і Эўрасаюз, і Нямеччына далі ясна зразумець, што рашэньне ехаць у Нямеччыну мусіла быць выключна асабістым рашэньнем спадара Казуліна. Не павінна была стварацца сытуацыя, у якой гэта было б для яго адзінай магчымасьцю выйсьці з турмы.
Пасол Хвастоў патлумачыў мне, што Казуліна выпусьцяць толькі пры той умове, што ён пагадзіцца на выгнаньне ў Нямеччыну. Я адказаў Хвастову, а пасол Ст’юарт патлумачыла сваім беларускім урадавым суразмоўцам у Менску, што такое вырашэньне праблемы непрымальнае. І мае нямецкія калегі тое самае гаварылі беларускім урадоўцам.
Карэспандэнт: У Беларусі распачатыя крымінальныя справы з палітычным матывам супраць Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Ці надаюць Злучаныя Штаты ўвагу гэтым справам, ці будуць яны забытыя, калі, скажам, Аляксандар Казулін выйдзе на волю?
Крэймэр: На першае пытаньне я адкажу, што мы сочым за іх лёсам. Што да другога пытаньня – мы не забудзем пра іх. Злучаныя Штаты закраналі абедзьве гэтыя справы ў кантактах зь беларускімі ўладамі. Яны не фігуравалі ў першапачатковым сьпісе з 6 асобаў, якіх мы лічылі палітвязьнямі, складзеным разам з Эўразьвязам і рознымі праваабарончымі групамі ў Беларусі. Гэтыя дзьве справы важныя, мы сочым за імі вельмі пільна і вельмі ясна далі зразумець беларускім ўладам, што пасьля вызваленьня тых шасьцёх палітвязьняў іх камэры не павінны напаўняцца іншымі палітвязьнямі. Яны ці іншыя палітвязьні не павінны трапляць у турмы.
Карэспандэнт: Паводле нашай інфармацыі, МЗС Беларусі запатрабаваў скараціць пэрсанал амэрыканскага пасольства ў Менску. Як Вы можаце пракамэнтаваць гэтае паведамленьне?
Крэймэр: Мы ў працэсе высьвятленьня, якія яшчэ крокі зьбіраюцца зрабіць беларускія ўлады. Я спадзяюся, што ўрад Беларусі не зацікаўлены ў эскаляцыі напружаньня са Злучанымі Штатамі, бо гэта было б вялікай памылкай.