«Бязьлітаснасьць»
Рэната Ліцьвінава паліць дамы, крадзе машыны і рабуе банкі...
Сумленная расейская стужка, якую цікава глядзець.
04.03.2008 / 21:00
Дзяўчынка Віка (Ганна Бегунова) зь няпоўнай сям’і забаўляецца тым, што з даху хрушчоўкі фатаграфуе суседзкія вокны. Аднойчы ў аб’ектыў трапляе сцэна залётаў жанатага кавалера да палюбоўніцы Зоі (Рэната Ліцьвінава). Калі Віка спрабуе шантажаваць чужаложніка, то церпіць паразу. Тады дзяўчынка знаходзіць кінутую жанчыну — і ўцягвае яе ў помсту…
Карціна Марыны Любаковай — вострая псыхалягічная драма пра злое яршыстае пакаленьне, зайздрасьць, «гендэрную» вайну, лютасьць і спачуваньне — запакаваная ў трагікамічную абгортку напарніцкага кіно й лёгкага нуару.
Зоя і Віка — «Тэльма і Луіза» расейскіх джунгляў, якія крадуць машыну, паляць дом (!) і рабуюць банк (!!). Рэната Ліцьвінава на высокіх абцасах, якая даткліва-нэрвова ўцякае ад перасьледнікаў — гэта яшчэ тое відовішча.
Стужка — гімн ваяўнічага расейскага фэмінізму, пашлюбаванага з самотай і экзыстэнцыйнай тугой у пацешлівых інтанацыях. Мужчыны — супастаты, нягоднікі, ёлупні; у лепшым выпадку — бісэксуалы, якіх можна раскруціць на грошы. «Вы не ўяўляеце, якая гэта цяжкая праца — жыць з мужчынам», — скардзіццца гераіня Ліцьвінавай чарговаму кавалеру, каб з далікатнасьцю заляпіць яму салатам у фізію.
Парушыць усе нормы, скандаліць, крычаць ва ўсё горла — і трапіць у пастку бязьлітаснасьці, якая даўно чакае зручнага моманту. “Ворага трэба ведаць у твар” – і гэта твар суседзкай дзяўчынкі, ці вашай дачкі.
Дэбютная стужка Марыны Любаковай, пастаўленая паводле сцэнару Дзяніса Радзіміна і пад прадусарствам Паўла Лунгіна — гэта праўда характараў і эмоцый.
Гэта фільм, які ненавязьліва, але трапна выкарыстоўвае жанравыя схемы й кінаспасылкі — ад «Акна ў двор» Хічкока да амэрыканскіх «дарожных» і «напарніцкіх» фільмаў.
Гэта добрае кіно — і, нарэшце! — расейская стужка, якую сапраўды можна глядзець.
Глядзець з сумам і асалодаю.