Сталі вядомыя біяграфія і праграма таямнічай прэтэндэнткі Жанны Раманоўскай
27.07.2015 / 23:55
Жанна Раманоўская нарадзілася ў Брэсце ў 1967 годзе. Яе бацька працаваў брыгадзірам кіроўцаў на аўтабазе №2 Брэста, маці – паслушніца Брэсцкай епархіі. Прэтэндэнтка ў прэзідэнты гадуе двух сыноў, Арцёма і Дзяніса.
У 1987 годзе Раманоўская скончыла Брэсцкі музычны каледж імя Рыгора Шырмы (спецыяльнасць – выкладчык па класе фартэпіяна, канцэртмайстар), а ў 2001 – псіхолага-педагагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Уваходзіць у склад сяброў Беларускага саюза музычных дзеячаў.
Раманоўская адзначае, што ёй прапаноўвалі ўзначаліць адну з брэсцкіх школ, аднак яна «адказала адмовай у сувязі з бюракратызмам ў сістэме адукацыі».
Што да праграмы дзеянняў, то яна збіраецца змагацца з карупцыяй і бюракратызмам у вертыкалі ўлады, бо на сваім вопыце сутыкнулася з праблемамі ў сферы жыллёвага будаўніцтва.
«Я выступаю за аптымізацыю падаткаў і шырокую падтрымку малога і сярэдняга бізнесу», – кажа Раманоўская. Што да знешняй палітыкі, то яе словы надзвычай агульныя: «за шматвектарныя адносіны з Расіяй, Еўрасаюзам і ўсёй сусветнай супольнасцю».
«Нас – мільёны! З намі – Гасподзь Бог!» – падсумоўвае прэтэндэнтка.
Зрэшты, Жанна Раманоўская не мае шанцаў здабыць статус кандыдата ў прэзідэнты. Яе ініцыятыўная група мінімальна магчымая, дый запісаныя ў яе актывісты не збіраюць подпісы.
* * *
Першае інтэрв'ю кандыдаткі ў прэзідэнты: «Кім я працую? Сёння складаны дзень, я адкажу заўтра»
* * *