У Пінску арыштавалі трох удзельнікаў казацкага коннага паходу Масква — Берлін
15.07.2015 / 18:43
Траіх удзельнікаў коннага паходу Масква — Берлін затрымала беларуская міліцыя. Двое сутак расейцы правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Пінскага ГАУС ў статусе падазраваных, а на трэція, 10 ліпеня, Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта прад'явіў ўсім тром афіцыйнае абвінавачванне ў злосным хуліганстве (ч. 2 арт. 339 КК РБ).
Пінская міжраённая пракуратура санкцыянавала іх арышт тэрмінам на два месяцы на перыяд папярэдняга расследавання.
Тут і ніжэй фота са старонкі паходу «УКантакце»
«Трое грамадзян Расіі, адзін з іх непаўнагадовы, у ноч з аўторка на сераду, будучы ў нецвярозым стане, збілі маладога чалавека, які пражывае ў інтэрнаце Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа ў вёсцы Галева, пашкодзілі халадзільнік, уваходныя дзверы, разбілі шкляную вазу», — распавёў намеснік Пінскага міжраённага пракурора Сяргей Гарошка.
Паводле яго слоў, мясцовыя ўлады далі ўдзельнікам коннага паходу для пражывання цэлы паверх у інтэрнаце вышэйназванага каледжа. Пацярпелы пражывае на іншым паверсе. Прыезджыя заявіліся да яго ў пакой і збілі. Падставай для канфлікту нібыта паслужыла яго сяброўства з дзяўчынай, з якой у дзень свайго засялення ў інтэрнат пазнаёміліся і расіяне. Іх, як на грэх, пасля паказальных выступленняў па джыгітоўцы ладна пачаставалі на прыродзе спіртным землякі з Пінска.
Вынесеная ў дачыненні да затрыманых мера стрымання ў выглядзе арышту строгая, але ў дадзенай сітуацыі выбар у следства невялікі, аргументуе Сяргей Гарошка пазіцыю пракуратуры. У 17-гадовага расіяніна няма ў Пінску сваякоў, на апеку якіх можна было б пакінуць яго на перыяд папярэдняга расследавання крымінальнай справы. Што тычыцца яго старэйшых таварышаў, вызваленне якіх з-пад варты тэарэтычна магчыма пры унясенні грашовага закладу і пісьмовага абавязацельства з'яўляцца да следчага на допыт па першым патрабаванні, то такое хадайніцтва ні імі, ні іх адвакатамі на момант вынясення пастановы аб арышце не заяўлялася.
Частка 2 артыкула 339 КК РБ прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання альбо пазбаўлення волі. Ступень віны і меру адказнасці вызначае суд. Зрэшты, развязка ў гэтай гісторыі можа быць іншая. Закон прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці за менш цяжкае злачынства пры поўным прызнанні віны і кампенсацыі нанесенай шкоды. Што датычыцца другой абавязковай умовы, то кіраўніцтва паходу цяпер як раз і займаецца яго выкананнем.
Арганізатары паходу і яго ўдзельнікі асудзілі правіну сваіх арыштаваных таварышаў. Абвінавачаная ў злосным хуліганстве тройца завочна ўжо пазбаўленая ўсіх узнагарод, атрыманых у ходзе экспедыцыі, якая доўжылася 40 сутак. Паход для іх завершыцца ў Пінску. Іх калегі настроеныя яшчэ пабываць у Брэсце і Брэсцкай крэпасці, пасля чаго аўтобусам перасекчы беларуска-польскую мяжу і адправіцца ў канчатковы пункт прызначэння — сталіцу Германіі Берлін.