Лукашэнка — прэзідэнту Манголіі: У нас вельмі падобныя людзі

09.07.2015 / 19:15

Аляксандр Лукашэнка 9 ліпеня ва Уфе ў межах самітаў ШАС і БРІКС сустрэўся з прэзідэнтам Манголіі Цахіагійнам Элбэгдоржам, паведамляе яго прэс-служба.

На сустрэчы Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту Манголіі абмеркаваць перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва, бо, на яго думку, бакі не могуць быць задаволеныя існуючым узроўнем узаемадзеяння. «У нас вельмі падобныя людзі, вельмі працавітыя, добрыя. У нас ёсць чым гандляваць. Думаю, нам трэба было б арганізаваць на ўзроўні ўрадаў групы, якія б вывучылі і прадставілі нам некалькі кірункаў супрацоўніцтва, аж да канкрэтных праектаў», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У прыватнасці, ён звярнуў увагу на пастаўкі ў Манголію беларускіх велікагрузных аўтамабіляў: «Гэта добры праект, мы гатовыя яго развіваць. Але гэтага мала, трэба ісці далей». У сувязі з гэтым Лукашэнка прапанаваў арганізаваць узаемныя візіты спецыялістаў дзвюх краін, а затым — візіты на вышэйшым узроўні.

Прэзідэнт Манголіі таксама лічыць, што ў дзвюх дзяржаў ёсць шмат магчымасцяў для актывізацыі супрацоўніцтва. «Мы добра ведаем беларускія трактары, самазвалы, аўтамабілі БелАЗ. У ранейшыя часы ў кожнай сям'і быў халадзільнік «Мінск», а жывёлаводы шырока выкарыстоўвалі матацыклы «Мінск», — сказаў Цахіагійн Элбэгдорж.

Ён прапанаваў беларускаму боку разгледзець пяць канкрэтных кірункаў, па якіх краіны могуць развіваць далейшае супрацоўніцтва.

Нагадаем, раней 9 ліпеня ва Уфе адбыліся двухбаковыя сустрэчы прэзідэнта Беларусі з кіраўнікамі Бразіліі і Афганістана.