Хіпстары ўсё. На іх месца прыйдуць які?
На Mashable сцвярджаюць: хіпстараў заб’юць які. Не тыя, што быкі, а тыя, што Yuccie.
17.06.2015 / 12:58
Выява: Bob Al-Greene, Mashable.
Тыдзень таму Дэвід Інфант апублікаваў у Mashable калонку пра субкультуру, што прыходзіць на змену хіпстарам. Яе ён назваў Yuccies (чытаецца як які ці юкі) — young urban creatives, што значыць маладыя гарадскія крэатыўшчыкі. Мяркуючы па гарачых абмеркаваннях у сацсетках, Інфант рыхтык трапіў у тэму.
Аўтар адносіць сябе да крэатыўнага класу, але яго абражае, калі яго называюць хіпстарам. Ён прапануе ўдакладніць тэрміналогію. Ён які.
«Як мяне называць? — пытае Інфант. — Я 26-гадовы пісьменнік, жыву ў прыстойным раёне Брукліна. Гетэрасэксуальны белы мужчына з аднахуткасным роварам і вусамі. Вывучаў гуманітарныя навукі ў каледжы, маю ідэі наконт усялякага. Міленіял? Хіпстар? Япі? Усё гэта разам ці нічога з таго?».
Які, як ён прапануе называць падобных да сябе, гэта народжаныя ў спажывецкім камфорце людзі, якія вераць у сілу адукацыі і перакананыя ў тым, што трэба не толькі ісці за сваёй марай, але і атрымліваць за гэта грошы.
У Нью-Ёрку ці Сан-Францыска можна сустрэць багата які: грамадскія эксперты, якія прасоўваюць брэнды ў Instagram; праграмісты, якія распрацоўваюць аналаг Uber для замоваў марыхуаны альбо Tinder для сабак; стартаперы, якія прапануюць экалагічныя сонечныя акуляры з бамбукавай аправай.
Яны яшчэ не аселі ў стартап-акселератарах, спрабуюць пачаць традыцыйны кар’ерны рост.
Які, безумоўна, хочуць разбагацець, але яшчэ больш хочуць разбагацець і застацца творчы незалежнымі. І хочуць зарабляць на ўласных ідэях.
Інфант прыводзіць статыстыку з апытанняў, з якой вынікае, што ёсць 28% міленіялаў, якія лічаць, што іх цяперашняя праца не раскрывае іх талентаў. 66% апытаных хочуць пачаць уласны бізнес. Добрая глеба для росквіту які.
Каб быць які, трэба:
- Мець многа копій кнігі «Свабода» Джонатана Франзэна
- Не любіць элітарнае жыллё ў тэорыі, любіць эксклюзіўныя самаробныя пончыкі на практыцы
- Марыць паехаць у Остын (штат Тэхас), бо ён шыкоўны
- Хадзіць на заняткі па мастацтве, што праводзяцца пад алкаголем
- Быць звыклым да банкаўскіх спраў, але ўсё яшчэ прамаўляць «фінансы» як «фунансы»
- Пазбягаць татуіровак на бачных месцах
- Любіць стары амерыканскі сітком «Сайнфельд»
- Купляць нядзельны выпуск New York Times і не чытаць навіны ў ім
- Мець тысячы падпісантаў у Instagram, але практычна не мець падпісантаў у Twitter
У хіпстарах, мяркуе аўтар, можна пабачыць зародышы які: зрабі-сам-прадпрымальніцтва, нішавы маркетынг, новыя тэхналогіі… Але сёння сапраўдны хіпстар, а не пародыя на хіпстара, мёртвы: паказальнае спажыванне айфонаў ці свіных грудзінак сышло ў мэйнстрым, хіпстары больш не вылучаюцца з натоўпу.
Калі кожны ёсць хіпстарам, ніхто не ёсць хіпстарам. Калі ўсе адвяргаюць мэйнстрым, выходзіць, што ніхто гэтага насамрэч не робіць.
Аўтар не можа адносіць сябе да хіпстараў: яго вусы не ацанілі бы ў часы росквіту хіпстарства, ён не мае татуіровак, у яго добрая крэдытная гісторыя. Але ён і не япі (young urban professional — малады гарадскі спецыяліст): чыстая кватэра, каталог Sharper Image, пачкі грошай не вяжуцца з правам на свабодную творчасць. Ён хоча быць паспяховым, як япі, і крэатыўным, як хіпстар.
Быць які значць быць эгацэнтрычным цынікам, які можа існаваць толькі ў адсутнасць праблем, тлумачыць Інфант. Зручна быць не абцяжараным праблемамі і вялікая асалода — мець магчымасць абіраць сабе занятак.
Адны пагаджаюцца з Інфантам і бачаць у сябе які. Іншыя прапануюць аўтару называць такіх як ён проста нарцысістамі (альбо «нарцы»). Трэція сцвярджаюць, што такі пратэст супраць прылічэння сябе да хіпстараў гэта якраз вельмі па-хіпстарску.
Ці магчмае з’яўленне які ў Беларусі? Ці яны ўжо тут? Ці месца хіпстараў зойме нехта іншы? Выказвайцеся ў каментарах.