Дызайнер прапанаваў новы сцяг Зямлі ФОТА
Які са сцягоў вам больш падабаецца?
19.05.2015 / 11:18
Графічны дызайнер Оскар Пернфельт (Oskar Pernefeldt) у межах праекту «The International Flag of Planet Earth» прапанаваў сцяг, што можа прадстаўляць Зямлю пры палётах на іншыя планеты.
На думку дызайнера, агульны сцяг усіх людзей мае быць сінім з сямю срэбнымі кольцамі, аб’яднанымі ў кветку.
Кветка сімвалізуе жыццё, сіні колер — акіяны, перасячэнне кольцаў — сувязь усяго на нашай планеце.
Мэта дызайнера— не толькі распрацаваць сцяг для касмічных палётаў, але і нагадаць зямлянам, што яны жывуць на адной планеце, нягледзячы на межы, ды што яны мусяць клапаціцца адзін аб адным і аб сваёй планеце.
Прапанова Пернфельта — далёка не першая ідэя сцяга Зямлі. Такія ідэі выказвалі і дызайнеры, і актывісты, і пісьменнікі-фантасты.
Напрыклад, у 1969 годзе амерыканскі дызайнер Джон МакКонэл прапанаваў сцяг Зямлі да першага (арганізаванага ім жа) Дня Зямлі. Яго прапанова — на сінім фоне фота Зямлі з космасу, вядомае як «The Blue Marble».
У наступным годзе Джэймс В. Кэдл, фермер з Ілінойса, ЗША, прапанаваў сваю версію сцяга Зямлі: на чорным фоне ў цэнтры сіні круг (Зямля), справа ад яго меншы белы круг (Месяц), злева — частка вялікага жоўтага круга (Сонца).
Як сцяг Зямлі можна разглядаць і сцяг ААН, прыняты арганізацыяй у 1946 годзе.
Ніводзін сцяг не выкарыстоўваецца як афіцыйны сцяг планеты. Касмічныя даследчыкі сёння выкарыстоўваюць сцягі сваіх краін альбо сімволіку касмічных місій.