Суд за «Малітву»: Шпакоўская заплаціць Моўчану 9 млн кампенсацыі
18.04.2015 / 09:25
Вярхоўны суд часткова задаволіў пазоў кампазітара Алега Моўчана да спявачкі Анастасіі Шпакоўскай. Суд прызнаў парушэнне Шпакоўскай аўтарскіх правоў Моўчана. Гаворка ідзе пра эпізод, калі без згоды кампазітара была выкананая песня «Малітва».
Вярхоўны суд з заяўленых 18 млн рублёў кампенсацыі задаволіў 9 млн рублёў. А таксама задаволіў кампенсацыю выдаткаў на адваката ў памеры 5 млн рублёў з 9 млн заяўленых.
Кампенсацыю разам са Шпакоўскай павінны выплаціць музыканты Дзмітрый Харытановіч, Аляксей Паўловіч, Сяргей Шчурко, якія былі датычныя да аранжыроўкі песні «Малітва».
Алег Моўчан, кампазітар: «Суд сёння прыняў рашэнне на маю карысць. Суд вызначыў, што я з'яўляюся аднаасобным аўтарам музыкі і ўладальнікам выключных правоў.
Гэта першая прэцэдэнтная справа. Я вельмі задаволены, як усё скончылася. Я спадзяюся, што іншыя аўтары паглядзяць і будуць ужо смялей дзейнічаць.
Я пераканаўся, што трэба было ісці ў суд. Трэба развіваць аўтарскае права паволі, пакрысе. Я думаю, што ўсё будзе нармальна».
Аляксандр Самусеў, адвакат Алега Моўчана: «Іскавыя патрабаванні былі задаволеныя. Сустрэчныя іскавыя патрабаванні, заяўленыя Шпакоўскай, не былі задаволеныя. Судом быў прызнаны факт наяўнасці парушэння аўтарскіх правоў. Суд вызначыў памер кампенсацыі, якая падлягае спагнанню з усіх парушальнікаў. Але ў агульным і цэлым мы рашэннем задаволеныя».