Незаезджаныя месцы адпачынку ў Францыі, дзе можна спазнаць сапраўдную cuisine francaise — расказвае француз
19.04.2015 / 09:22
Набліжаецца лета, час адпачынкаў. Беларусы раз’едуцца хто куды: хтосьці ў родавую вёску, хтосьці на лецішча, а хтосьці і ў Еўропу: Італія, Іспанія, Францыя… Рамантыка. Вось пра Францыю мы і вырашылі даведацца падрабязней, усё ж такі сапраўдная рамантыка менавіта там. У гэтым нам дапамог журналіст Ларан Вінацье, які распавёў, дзе і як ва Францыі адпачываюць самі французы.
Ларан Вінацье ў Рэдакцыі «Нашай Нівы».
«Лазурны Бераг, Канны, Ніцца — вядомыя назвы. Але большасць французаў аддае перавагу іншаму ўзбярэжжу — Атлантычнаму. Нармандыя, Брэтань, Ланды. Прычыны розныя: па-першае, там усё ж спакойней, не так шмат турыстаў. Многа англічан, праўда, але так даўно павялося. Па-другое, не такія высокія цэны. Гэта таксама грае важную ролю.
Гатэль у Брэтані.
Канны і Ніцца ўвогуле — самыя дарагія месцы для адпачынку. На адным узроўні з імі стаіць і Сэн-Трапэ.
Бухта ля Сэн-Трапэ — аднаго з самых люксовых курортаў планеты.
Увогуле, ўвесь раён Вар, адзін з дэпартаментаў рэгіёна Праванс — Альпы — Лазурны бераг, каштуе вельмі дорага нават для саміх французаў, асабліва жыллё. Асноўныя кліенты такіх месцаў — турысты.
Від на французскі Лазурны бераг.
На мой погляд, большасць турыстаў прыязджае ў Францыю з Германіі. Іх шмат. Таксама многа галандцаў. Не бракуе і рускіх, але з колькасцю гасцей з Нямеччыны іх не параўнаць. Усё ж, большасць рускіх едзе ў Егіпет ці Турцыю. Сказаць, што ва Францыі існуе масавы рускі турызм, нельга. Але тыя, хто прыязджае, у асноўным заможныя людзі, і едуць яны адпаведна ў тыя самыя дарагія турыстычныя месцы. Дарэчы, раней рускія турысты не ўмелі сябе паводзіць, і стаўленне да іх было негатыўнае. Тыя самыя «новыя рускія» з 90-х паводзілі сябе не вельмі адэкватна. Але цяпер не заўсёды і адрозніш турыста з Расіі ад звычайнага еўрапейца. Можа, цяпер яны больш адукаваныя, можа проста зразумелі, як трэба трымацца.
Абацтва на гары Святога Міхала ў Нармандыі.
Сярэдняя французская сям’я з двума дзецьмі адпачывае ў межах краіны прыкладна за 3 тысячы эўра. За гэтыя грошы яны могуць правесці два тыдні. У адпачынку сям’я часта арандуе прыватны дом — гэта вельмі папулярна сярод французаў.
Такі чатырохпакаёвы дом з уласным басейнам побач з Біярыцам будзе каштаваць 1100 еўра за тыдзень.
Паездкі ў глыбінку, проста ў нейкую вясковую мясцовасць таксама абыходзяцца танна. Але французы не вельмі любяць так бавіць час. Усё ж яны аддаюць перавагу марскім узбярэжжам.
Гарналыжныя курорты не вельмі папулярныя сярод звычайных французаў. Гэта ўжо элітарны адпачынак, вельмі-вельмі дарагі.
Куршавель — самы вядомы французскі горны курорт. Тут дорага нават для саміх французаў.
Я сам з Нанта — горад на захадзе Францыі. Маё любімае месца для адпачынку ва Францыі — востраў Рэ ў Атлантычным акіяне каля заходняга ўзбярэжжа краіны. На Міжземным моры для мяне зашмат людзей, вельмі шумна.
Востраў Рэ.
Люблю Парыж. Так, там шмат турыстаў, але там і атмасфера! Французы таксама ходзяць у знакамітую кавярню «Клазэры-дэ-Ліля», але большасць наведнікаў там — госці краіны. Само сабой, у Парыжы турысты ў асноўным бавяць час у цэнтры: Нотр-Дам, Луўр.
Парыжскі сабор Нотр-Дам вядомы ва ўсім свеце дзякуючы раману Віктора Гюго «Сабор Парыжскай Божай Маці».
Французы ж часцей ідуць у раёны Марэ, Цэнтра Пампіду, да былой Бастыліі ці ў паўночныя раёны горада. Я таксама вельмі люблю бываць ля Бастыліі. Там шмат выдатных кавярняў, бараў.
Плошча Бастыліі ўвечары.
Яшчэ мне вельмі падабаецца бываць на Левым беразе, у раёне вакол царквы Сан-Сюльпіс, гэта ў Шостай акрузе, ля Сэн-Жэрмэн. На жаль, турыстаў там таксама не бракуе.
Царква Сэн-Сюльпіс.
Калі вы аматар гастранамічнага турызму, то найлепшую кухню вы знойдзеце на паўднёвым захадзе Францыі. Гэта Перыгор — рэгіён, сусветна вядомы сваімі стравамі. Калі вы хочаце добра паесці і асалоду атрымаць ад сапраўднай любові да гастранаміі, паездзіце па рэгіёне паміж Біярыцам, Бардо і Тулузай.
Вінаграднікі «Шато-Лягрэзэт», на поўначы ад Тулузы. Вінаград тут збіраюць уручную, а потым 18 месяцаў вытрымліваюць у дубовых бочках. Віно можна каштаваць у мясцовых барах і рэстарацыях.
Там вельмі добрае мясцовае віно, літаральна ўсё — гэта ж бардо. На поўначы, у сваю чаргу, аддаюць перавагу піву.
Ох, а я са страваў найбольш люблю «касуле» (cassoulet). Што гэта? Гэта смажаніна з мяснога асарці з фасоляй, такая сытная, ідэальная зімовая ежа. У гліняным гаршчэчку гатуецца дробна нарэзанае мяса — напрыклад, тлустыя каўбаскі і качка — і белая фасоля.
Вось так выглядае «касуле».
Яшчэ я вельмі люблю «канфі дэ канар»: гэта прасоленыя кавалачкі качкі, якія тушацца ў качыным або гусіным шмальцы.
За абедам я люблю лёгкае чырвонае віно з паўночнага ўсходу.
Канфі дэ канар з бульбай і шпарагоўкай.
Чуткі пра бутэльку віна за абедам — гэта абсалютная праўда. Гэта традыцыя. Калі я прыязджаю да бацькоў, мы заўсёды абедаем з віном. Прычым, неабавязкова ў канцы дня. Выпіць трошкі віна за абедам, а потым паехаць займацца справамі — абсалютна нармальна для французаў.
Сам я стараюся праводзіць адпачынак ва Францыі. Паеду як звычайна на свой ўлюбёны востраў Рэ, буду плаваць і гуляць. А адпачываць за мяжой не вельмі хачу — я па рабоце і так увесь час вандрую.
Дарэчы, французы, калі выязджаюць адпачываць за мяжу, шукаюць месцы, дзе няма сваіх суайчыннікаў. Гэта, напэўна, агульнанацыянальная рыса. Ну, кожны ж адпачывае ад таго, што надакучыла…».