Топ-100 самых уплывовых беларусаў. 38. Уладзімір Амарын
05.04.2015 / 18:46
38 (–). Уладзімір Амарын
Міністр фінансаў.
Міністэрства фінансаў — строгая іерархічная ўстанова, у якую прыходзяць аднойчы і назаўсёды. Амарын у ведамстве ўжо больш за тры дзесяцігоддзі, столькі ж працаваў і ягоны папярэднік Харкавец.
Першага намесніка Амарына, 37-гадовага Макcіма Ермаловіча, называюць больш перспектыўным фінансістам. Але ў Беларусі апошнім часам міністры фінансаў сыходзяць у адстаўку толькі па стане здароўя.
Абавязак Амарына — сачыць, каб выдаткі бюджэту не перавышалі даходы. Фінансы любяць цішыню: за паўгода міністр ні разу не выказаў сваю пазіцыю па спрэчных пытаннях.
Цытата
«Мы разумеем, што кошт нафты ніжэйшы за закладзены ў праекце бюджэту. Але зараз ніхто не можа сказаць, што будзе ў 2015».
Снежань 2014.
Аб’ектыўка
Нар. у 1961 у Мінску. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі (1983) і Акадэмію кіравання (2006). З 1983 працуе ў фінансавай сістэме Беларусі. Першы намеснік міністра фінансаў (2008—2014), міністр фінансаў (з 2014).
* * *